аднака́мерны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адну камеру (у 2 знач.). Аднакамерны шлюз.
аднакампле́ктны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з аднаго камплекта. Аднакамплектная школа.
аднакапы́тныя, ‑ых.
Жывёлы, якія маюць суцэльныя, нераздвоеныя капыты. Аднакапытныя жывёлы.
аднакарэ́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сваім складзе агульны з іншым словам ці з іншымі словамі корань. Аднакарэнныя словы. Аднакарэнныя назоўнікі.
аднакаўшо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адзін коўш. Аднакаўшовы экскаватар.
аднака́шнік, ‑а, м.
Разм. Таварыш па сумесным навучанні, выхаванні. Спаць даводзілася мне, як і большасці маіх аднакашнікаў, на мулкіх «святых» лаўках сінаногі. Бядуля. Наперадзе чарнее яшчэ адзін коннік, то набліжаючыся, то аддаляючыся. Гэта едзе таварыш, аднакашнік. Лупсякоў.
аднакватэ́рны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з адной кватэры. Аднакватэрны дом.
адна́кі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і аднолькавы. Праўда, не заўсёды грэбля з аднакаю сілай бунтавала сялянскія душы. Колас. Рыгор разглядаў у змроку аднакія прыземістыя абсаджаныя садкамі хаткі. Гартны. [Дубіку] хоць бы што — ён заўсёды аднакі. Скрыган.
аднакла́снік, ‑а, м.
Той, хто вучыцца або вучыўся ў адным класе з кім‑н. Са школы.. [Пеця і Даша], як суседзі, заўсёды вярталіся разам, часцей — у шумным натоўпе аднакласнікаў. Ракітны.