лі́шніца, ‑ы, ж.
Разм.
1. Дастатак; лішак. Не звыклыя да лішніцы і празмернага клопату, больш за ўсё .. [дзеці] прагнулі толькі ласкі. Васілевіч. Жыццё .. крыху наладзілася, але ў гаспадарцы лішніцы не было. Пянкрат.
2. Большае чым патрэбна, чым можна. Ёй [Марыйцы] можна сёння лішніцу паспаць, — Такі ў яе дзянёк ужо сягоння. Дзяргай.
лі́штва, ‑ы, ж.
1. Накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога ці аконнага праёма. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі і прыгожым вільчаком. Шахавец.
2. Металічная накладная пласцінка з шчылінай для ключа на дзвярах, шуфлядах і пад.
3. Разм. Тое, што і плінтус.
4. Падгорнутая або нашытая палоска матэрыі для аддзелкі, падрубкі. Акаловіч .. пачаў абмацваць .. ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. Чорны.
лішэ́нец, ‑нца, м.
Разм. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 г. — чалавек, пазбаўлены выбарчых і іншых грамадзянскіх правоў у сувязі з прыналежнасцю да эксплуататарскага класа.
лішэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Жан. да лішэнец.
лія́ла, ‑а, н.
Спец.
1. Форма для адліўкі металу; зложніца.
2. Канал уздоўж борта судна ў ніжняй частцы трума для сцякання вады.
лія́на, ‑ы, ж.
Павойная кустовая або дрэвавая расліна, пашыраная, галоўным чынам, у трапічных і субтрапічных лясах. Амаль кожны курган пакрыты расліннасцю: шыпшыннікам, крушынай і вольхай, за якія ахвотна чапляюцца жывучыя парасткі ліян. Самуйлёнак. Там бразільскі лес, ліяны, Тут дыван зялёны прэрый. Іх ад сіні акіяну Аддзяляюць Кардыльеры. Крапіва.
[Фр. liane.]
лія́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ліяны.
лоб, лба (ілба); мн. лбы (ілбы), ‑оў; м.
Верхняя надвочная частка твару чалавека ці галавы жывёліны. Палкоўнік сядзеў на канапе і выціраў спацелы лоб. Лынькоў. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.
•••
Адкрыты лоб — высокі і круты лоб.
Аж вочы на лоб вылазяць (лезуць); вочы на лоб палезлі гл. вока.
Браць (узяць) у лоб гл. браць.
Забрыць лоб гл. забрыць.
Запісаць на лбе гл. запісаць 1.
З-пад ілба — сярдзіта і недаверліва (глядзець, глянуць).
Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.
Лоб у лоб — насустрач адзін аднаму (ісці, сыходзіцца і пад.); тварам у твар. А цяпер трэба ўжо выступаць супроць ворага лоб у лоб. Пестрак.
Медны лоб (пагард.) — вельмі ўпарты, тупы чалавек.
На лбе напісана ў каго гл. напісаны.
Падставіць (свой) лоб гл. падставіць.
Пусціць (сабе) кулю ў лоб гл. пусціць.
У лоб — а) у вайсковай справе — з фронту, франтальным ударам. З атакі ў лоб нічога не выйшла. Гурскі; б) у марской справе — насустрач руху судна; в) залішне прамалінейна.
ло́бзік, ‑а, м.
Ручны інструмент для выпілоўвання ўзораў, а таксама тонкая вузкая пілка ў такім інструменце.
[Ад ням. Laubsäge.]
ло́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лба. Лобная косць.
•••
Лобнае месца (гіст.) гл. месца.