Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

літарату́ра, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць твораў пісьменнасці таго ці іншага народа.

2. Від мастацтва, характэрнай рысай якога з’яўляецца стварэнне мастацкіх вобразаў пры дапамозе слова, мовы; творы гэтага віду мастацтва. Руская літаратура. Беларуская літаратура.

3. Сукупнасць друкаваных твораў якой‑н. галіны ведаў, па якому‑н. спецыяльнаму пытанню. Палітычная літаратура. Тэхнічная літаратура.

•••

Мастацкая літаратура — тое, што і літаратура (у 2 знач.).

[Лац. litteratura.]

літаратуразна́вец, ‑знаўца, м.

Спецыяліст у галіне літаратуразнаўства.

літаратуразна́ўства, ‑а, ж.

Навука аб мастацкай літаратуры, яе тэорыі, гісторыі і літаратурнай крытыцы. Савецкае літаратуразнаўства.

літаратуразна́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да літаратуразнаўства, звязаны з ім. Літаратуразнаўчае даследаванне.

літарату́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць літаратурнага (у 4 знач.); літаратурная вартасць чаго‑н.

літарату́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мастацкай літаратуры. Літаратурная спадчына. Літаратурны твор. // Які мае адносіны да вывучэння літаратуры, літаратур. Літаратурны гурток. Літаратурны інстытут. // Які мае адносіны да якога‑н. твора мастацкай літаратуры, узяты з якога‑н. твора мастацкай літаратуры. Літаратурны вобраз. Літаратурны герой.

2. Які звязаны са стварэннем мастацкіх, крытычных і публіцыстычных твораў. Літаратурная праца. □ Літаратурная дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка.

3. Які мае адносіны да літаратараў; пісьменніцкі. Літаратурнае асяроддзе.

4. Які адпавядае нормам, замацаваным у пісьменнасці, літаратуры. Літаратурны стыль. Літаратурнае вымаўленне.

•••

Літаратурнае чытанне гл. чытанне.

Літаратурная мова гл. мова.

Літаратурны фонд гл. фонд.

літарату́ршчына, ‑ы, ж.

Неадабр. Дрэнны мастацкі густ, што выяўляецца ў вычварнасці стылю, адсутнасці прастаты ў мове, выкладзе думак.

лі́тарны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да літары, літар, уласцівы ім. Літарнае абазначэнне.

2. Абазначаны літарай, а не лічбай. Тэатральная літарная ложа.

літасфе́ра, ‑ы, ж.

Верхняя цвёрдая абалонка зямнога шара.

лі́тасцівасць і літасці́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць літасцівага.