маладахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які прыносіць невялікі, недастатковы даход. Маладаходная галіна гаспадаркі.
маладжа́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць маладжавага. Сівізна не пасавала да маладжавасці твару [рэдактара] і тым не менш надавала яму мяккую прывабнасць. Хадкевіч.
маладжа́вы, ‑ая, ‑ае.
Які выглядае маладзей сваіх год. Адчуваючы няёмкасць, Казік нахмурыўся, і яго тонкі маладжавы твар стаў ненатуральна строгім, сур’ёзным. Краўчанка. На канапе злева сядзела .. [Надзіна] маці — маладжавая жанчына. Лупсякоў.
маладзе́йсны, ‑ая, ‑ае.
Які аказвае малое ўздзеянне на каго‑, што‑н. Маладзейсны сродак.
маладзе́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. малады.
маладзе́нькі, ‑ая, ‑ае.
Ласк. да малады (у 1–3 знач.); надта малады. Маладзенькі дубок. □ Гэта была гаспадарова дачка, зусім маладзенькая яшчэ дзяўчына. Зарэцкі.
маладзе́ц, малайца, м.
1. Статны, атлетычнага складу малады чалавек. Атрад .. налічваў каля двухсот адборных малайцоў. Брыль.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца для выражэння пахвалы, адабрэння. — Маладзец ты, брат, знайшоў, што сказаць, — пахваліў Карагу Булякін. Колас.
3. Пагард. Тое, што і малойчык (у 2 знач.). [Валакіткін:] — Знаходзяцца малайцы, што гатоў ён табе вочы выдраць, калі скажаш, што ўсё гэта не так. Чорны.
маладзе́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да малайца, уласцівы малайцу (у 1 знач.): ўдалы, хвацкі. Сон маладзецкі шахцёрскі Там абрываюць гудкі, З горада Салігорска У тахты ідуць гарнякі. Звонак. Від у гасцей маладзецкі. Колас.
маладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца маладзейшым, прымаць больш малады выгляд. Нам лёгка жыць і тварыць, бо мы маладзеем разам з усёй нашай краінай. Купала. Сядзіш на нарадзе побач з лепшымі людзьмі раёна і проста маладзееш. Скрыпка. Ад сонечных сполахаў ціхага рання Душа маладзее, стрымацца не можа. Хведаровіч. Пасля .. [дажджоў] усё ў прыродзе маладзела, усміхалася, расло. Пестрак. // перан. Павялічваць у сваім складзе працэнт маладых. Насельніцтва маладзее.
маладзёжны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да моладзі, складаецца з моладзі. Маладзёжная брыгада. // Прызначаны для моладзі. Будаўніцтва маладзёжнага кафэ, як яго сціпла называлі ў розных дакументах гарадскія ўлады, ішло да завяршэння. Кавалёў.