Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

летуце́ннік, ‑а, м.

Той, хто схільны да летуцення, аддаецца летуценням. Колінг — вялікі летуценнік, але адначасова і чалавек справы. Гамолка. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі. // Той, хто адыходзіць ад рэальнай рэчаіснасці ў свет фантастыкі; фантазёр. На новае месца працы ў вёску Выганы Лабановіч прыехаў не наіўным летуценнікам, а сталым чалавекам. Пшыркоў.

летуце́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да летуценнік.

летуце́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць летуцець (летуценіць), мае схільнасць да летуцення. [Маці] была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. Быкаў. // Які выражае схільнасць да летуцення. Твар .. [Васілісы] расчулены, на вуснах блукае летуценная ўсмешка. Васілевіч. Я ўпершыню пачула голас Натапчыка — мяккі, летуценны. Савіцкі. // Звязаны з летуценнем, летуценнямі. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі усміхнуцца самому сабе. Скрыган.

2. Створаны ўяўленнем, марай; фантастычны. Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Шчасця замнога, Дужа замнога, Не летуценнага шчасця — зямнога. Калачынскі. Так блізка ўсё! Але па кладцы, Па мосціку самотным, летуценным Ракі не перайсці, не перабрацца У родны дом, што прагне вызвалення. Вітка.

летуце́нства, ‑а, н.

Схільнасць да адыходу ад рэальнай рэчаіснасці ў свет фантастыкі; фантазёрства. Сімвалісцкае летуценства.

летуце́ць, ‑тучу, ‑туціш, ‑туціць; незак.

Аддавацца марам; марыць. На пагорку сасна, — ці не ўнучка тае, Што калісь летуцела аб пальме далёкай? Лойка. Кружацца далёкія планет, Пра якія добра летуцець. Прыходзька.

леў ​1, льва (ільва), м.

1. Буйны драпежнік сямейства кашэчых з кароткай жаўтаватай поўсцю і пышнай грывай у самцоў. Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва. Маўр.

2. перан. Той (тое), хто (што) вызначаецца магутнай сілай, смеласцю, адвагай і пад. Не коні, а львы.

•••

Марскі леў — марская жывёліна сямейства вушатых цюленяў.

леў ​2, лёва, м.

Грашовая адзінка Народнай Рэспублікі Балгарыі.

леўрэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Пакаёвы сабачка з пароды хартоў.

[Фр. levrette.]

ле́цейка, ‑а, н.

Нар.-паэт. і ласк. да лета. — Жураўлі, унучак, адлятаюць ад нас, — гаворыць .. [бабка]. — Лета замыкаюць. Хутка лецейка ключы бабулі Зіме перадасць. Даніленка. [Агей:] — Толькі лецейка адно пачакайце, тады ўсё выплачу. Галавач.

ле́цечка, ‑а, н.

Нар.-паэт. і ласк. Тое, што і лецейка.

ле́ча, нескл., н.

Кансерваваная страва з чырвонага перцу і памідораў.

[Ад венг. lecsó.]