Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раўначле́нны, ‑ая, ‑ае.

У матэматыцы — які мае аднолькавыя члены.

раўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. роўны.

раўне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раўняць, раўняцца.

раўні́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўнівага.

раўні́вец, ‑ніўца, м.

Разм. Раўнівы чалавек. І разумею я раўніўца, Што ўспыхваў, нібыта агонь, З-за ўсмешкі юнай чараўніцы, Што бліскала не для яго. Лойка.

раўні́віца, ‑ы, ж.

Жан. да раўнівец.

раўні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да рэўнасці; ахоплены рэўнасцю, недавер’ем. Сустрэчы з Васілём і чакала [Ганна] і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. Мележ. // Які выяўляе рэўнасць. Раўнівы погляд.

2. Выкліканы рэўнасцю, недавер’ем. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа.. [Аля] ужо астыла да яго, можа гэтае спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. На хвіліну ў .. сэрцы [Гелены] абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася. Караткевіч. // Напоўнены зайздрасцю, выкліканы бояззю перавагі каго‑н. над сабой. За ім ішлі старыя касцы, і на іх тварах Андрэй прачытаў раўнівае жаданне не адстаць ад яго. Дуброўскі.

раўні́на, ‑ы, ж.

Роўная, без гор, вялікіх узгоркаў і значных паніжэнняў зямная паверхня. З раўніны рускай цераз Беларусь Ідзе Дняпро да мора, да Украіны. Зарыцкі. На сотні вёрст перада мной Кавыльная раўніна. Танк. Расступіліся бярозы, і перад вачыма распасцерлася шэра-зялёная раўніна. Шашкоў. // Пра водную паверхню вялікіх памераў. Азёрная раўніна.

раўніна́, ‑ы, ж.

Роўнае месца, роўнядзь. Поле сонцам скрозь заліта, — Шырыня, раўніна! Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н. [Якуб] не раз абводзіў вачыма раўніну Жагулавага поля. Крапіва.

раўні́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўніннага; наяўнасць вялікай колькасці раўнін. Раўніннасць краіны.

раўні́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раўніны, уласцівы ёй. Раўнінныя рэкі. Раўнінны клімат. □ Наташа прыехала на Каўказ з далёкага раўніннага краю. Каваль. Ранняе расістае сонца асвяціла нам раўніннае, ніколі намі не бачанае, поле, акаймаванае густым цёмным колам лесу. Пестрак.