раўнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Які аказвае такое самае, аднолькавае з чым‑н. дзеянне. Раўнадзейная сіла. // у знач. наз. раўнадзе́йная, ‑ай, ж. У фізіцы — сіла, якая аказвае на цела механічнае дзеянне, роўнае дзеянню некалькіх сіл.
раўнадзе́нства, ‑а, н.
Час, які бывае двойчы ў год, калі працягласць дня і ночы аднолькавыя. Вясенняе і асенняе раўнадзенства.
раўнаду́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць раўнадушнага; абыякавыя, безудзельныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Чырвань заліла твар Ларысы: ёй зрабілася сорамна за сваю настаўніцу, за яе раўнадушнасць. «Звязда».
раўнаду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Выказваць раўнадушнасць.
раўнаду́шны, ‑ая, ‑ае.
Абыякавы да навакольнага, да таго, што адбываецца. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Бялевіч. Кастусь гарэў сам справаю паўстання і не мысліў сабе раўнадушнымі сваіх падначаленых. Якімовіч. // Які не выказвае цікавасці, пачуцця любві да каго‑н. // Які выяўляе раўнадушнасць. Раўнадушны погляд. Раўнадушны тон.
раўнаду́шша, ‑а, н.
Абыякавыя, безудзельныя адносіны да каго‑, чаго‑н.; абыякавасць. «Трэба жыць, — падумаў [Лагацкі], трэба смялей і весялей жыць: пазбыцца раўнадушша, чэрствасці, замкнутасці ў сабе...» М. Стральцоў. Даглядчык з .. [Нічыпара] выйшаў дрэнны, і не так па гультайству, як па абыякавасці, раўнадушшы. Кулакоўскі.
раўназна́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць раўназначнага.
раўназна́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае такое ж значэнне, такую ж значнасць, як і іншы. Раўназначныя велічыні. Раўназначныя ўраўненні. □ Андрэй арганізаваў дзве баявыя групы, амаль раўназначныя, а трэцюю, зусім маленькую — усяго з трох байцоў. Кулакоўскі.
раўнале́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць раўналежнага.
раўнале́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны ў адным кірунку з чым‑н.; які па ўсёй сваёй даўжыні знаходзіцца на роўнай адлегласці ад чаго‑н. Раўналежныя лініі. □ Тут якраз ішла вялікая грунтавая дарога, раўналежная да шашы. Чорны.
2. Які супадае з іншым; аднолькавы. Раўналежныя з’явы. Раўналежныя тэксты.