галу́н 1, ‑у, м.
Падвойная сернакіслая соль алюмінію, марганцу і інш. (у крышталічнай форме скарыстоўваецца ў тэхніцы, а таксама для спынення крыві пры парэзах).
галу́н 2, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Залатая, сярэбраная або мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне. Нашыць палоскі з галуну.
2. ‑а. Нашыўка з гэтай тасьмы. На сонцы зброя залаціцца, і ззяе шоўк і галуны. Машара.
[Фр. galon.]
галу́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галуна 2. Галунны шнур. Галунны каўнерык.
галуно́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галуну 1.
галу́ргія, ‑і, ж.
Галіна хімічнай тэхналогіі, якая вывучае і распрацоўвае спосабы атрымання розных солей з прыродных ці штучна прыгатаваных водных раствораў.
[Ад грэч. háls — соль і érgos — работа.]
галу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Круглы камяк, шарык, скачаны з якога‑н. мяккага рэчыва. Галушка воску. Качаць сыр у галушкі.
2. толькі мн. (галу́шкі, ‑шак). Страва ў выглядзе дробных клёцак (з мукі або дранай бульбы), прыгатаваных на булёне ці на малацэ. Глядзелі хлопцы як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. Колас. З бульбы ў нас галушкі вараць, Нашу бульбу ўсюды хваляць. Русак.
галчаня́ і галчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня галкі.
га́лчын, ‑а.
Які належыць галцы 1. Галчына гняздо.
галчы́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галкі 1, уласцівы ёй. Галчыны крык.
га́лы, ‑аў; адз. гал, ‑а, м.
1. Рымская назва старажытных кельцкіх плямён, якія ў 4–1 стст. да н. э. насялялі тэрыторыю сучаснай Францыі і Бельгіі.
2. Уст. паэт. Французы.
галыцьба́, ‑ы, ж., зб.
Разм. Бедната, бедныя людзі.