Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лабя́к, ‑а, м.

Абл. Адкрытае ўзвышанае месца. Вёска гэтая была якраз перад намі, на лабяку, яна добра нам далася ў знакі. Шарахоўскі.

ла́ва ​1, ‑ы, ж.

Прадмет сялянскай мэблі — шырокая дошка на ножках для сядзення, звычайна прыстаўленая да сцяны. Ад мыцельніка да стала працягнулася шырокая жаўтлявая лава. Алешка. Госць лавы не праседзіць. Прыказка. // Тое, што і лаўка ​1 (у 1 знач.). У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

•••

Сесці (папасці, трапіць) на лаву падсудных гл. сесці.

ла́ва ​2, ‑ы, ж.

1. Расплаўленая мінеральная маса, якая вывяргаецца вулканам на паверхню зямлі. Патокі лавы.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н.; лавіна. Можа, і не дагнаў бы авечак [Алёша], каб не дзядзька Сымон.. Проста на яго неслася авечая лава. Гамолка.

3. у знач. прысл. ла́вай. Суцэльным патокам. Радасць льецца лавай.

ла́ва ​3, ‑ы, ж.

Баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і з тылу, а таксама атрад, пастроены для такой атакі. Лава казакоў. □ Лава памчала галопам, пакідаючы на полі бою коннікаў. Гурскі.

[Польск. ława — рад, шарэнга.]

ла́ва ​4, ‑ы, ж.

Падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні. Між ствалоў сасновых Ноч і дзень Тут, па ўсіх забоях кожнай лавы, Рэха навальнічнае гудзе. Аўрамчык.

ла́ва ​5, ‑ы, ж.

Разм. Вялікі абшар, аднастайны масіў чаго‑н. Направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. Колас. Уборка і малацьба збожжа былі скончаны, на палях зелянела шырокая лава руні. Паслядовіч.

ла́вавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лавы ​2 (у 1 знач.). Лававы паток.

лава́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Вечназялёная пахучая расліна з блакітна-фіялетавымі або фіялетавымі кветкамі, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі.

[Іт. lavanda.]

лава́ндавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаванды. Лавандавы пах. // Які здабываецца з лаванды. Лавандавы алей.

ла́вачка ​1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да лаўка ​1 (у 1 знач.). [Сынклета Лукічна] ўзышла на ганак з разьбянымі слупкамі-калонкамі і з лавачкамі па баках. Шамякін.

ла́вачка ​2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Разм. Памянш.-ласк. да лаўка ​2. Заглянуць у лавачку.

2. перан. Разм. Неадабральны, недазволены занятак, пачынанне; група ўдзельнікаў гэтага занятку, пачынання. Завёў лавачку. Гэта адна лавачка.

•••

Закрыць лавачку гл. закрыць.

лава́ш, ‑а, м.

Пшанічны хлеб у выглядзе вялікіх тонкіх праснакоў, які ўжываецца ў Закаўказзі.

[Цюрк. лаваш.]

лавела́с, ‑а, м.

Спакуснік жанчын; ахвотнік да любоўных прыгод; залётнік. — Не хлапчук жа .. [Сярожка], а студэнт трэцяга курса інстытута замежных моў і не лавелас які-небудзь, а вось на табе. З першага погляду закахаўся ў дзяўчыну. Скрыпка. [Казік:] — Не, я скажу толькі тое, што добра ведаю.. Ад тваёй ласкавай усмешкі ў старога лавеласа аж млела сэрца. Машара.

[Ад уласнага імя.]

лавела́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Паводзіць сябе як лавелас; заляцацца да жанчын.

лаве́ц, лаўца, м.

Той, хто стала займаецца лоўляй каго‑, чаго‑н. як промыслам. Лаўцы малюскаў. □ На лаўца і звер бяжыць. Прыказка. // Той, хто ловіць каго‑, што‑н. Зрабіўся я лаўцом сваіх надзей. Гурло.