Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лагагры́ф, ‑а, м.

Род шарады або загадкі, для рашэння якой трэба адшукаць загаданае слова і ўтварыць ад яго новыя словы перастаноўкаю або выкідваннем асобных складоў ці літар.

[Ад грэч. lógos — слова і griphos — загадка.]

лагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца лагодным, лагаднейшым. — Дык сядай у машыну, паедзем, — лагаднее трактарыст Мікалай. Бялевіч. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў. Карпаў.

лагапа́т, ‑а, М ‑паце, м.

Чалавек з заганамі ў вымаўленне.

лагапаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагапатыі.

лагапа́тыя, ‑і, ж.

Заганы ў вымаўленні (картавасць, шапялявасць, заіканне і пад.).

[Ад грэч. lógos — слова, мова і páthos — хвароба.]

лагапе́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па лагапедыі.

лагапеды́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагапедыі. Лагапедычная бальніца.

лагапе́дыя, ‑і, ж.

Навука аб недахопах вымаўлення і іх лячэнні.

[Ад грэч. lógos — слова, мова і paidea — выхаванне, навучанне.]

лагары́фм, ‑а, м.

У матэматыцы — паказчык ступені, у якую трэба ўзвесці лік-аснову, каб атрымаць дадзены лік. Сістэма лагарыфмаў. □ Янча перагортвае табліцу лагарыфмаў і, адшукаўшы патрэбную функцыю вугла, запісвае яе ў сшытак. Васілевіч.

[Ад грэч. logos — адносіны і arithmos — лік.]

лагарыфмава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лагарыфмаваць.