Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́растак, ‑тка, м.

Спец. Шкура гадавалага цяляці, а таксама вырабленая з яе скура.

выраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вырасці.

вы́расткавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вырастка. Вырасткавыя боты.

вы́расці, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцем, ‑сцеце, ‑стуць; зак.

1. Стаць большым; падрасці. Трава вырасла за тыдзень. □ [Кравец:] — Добры вечар у хату, як маецеся? Ого-о, малая ўжо якая вырасла! Чорны. // Стаць дарослым, развіцца. З маленькага, слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка. // Правесці дзе‑н. свае дзіцячыя гады; выгадавацца. Нарадзіцца і вырасці ў вёсцы.

2. Павялічыцца колькасна ў памерах, аб’ёме, сіле і пад. Прыбыткі гаспадаркі выраслі. Атрад вырас у брыгаду. □ Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць. Бядуля.

3. Удасканальваючыся, дасягнуць больш высокай ступені. Выраслі майстры высокага ўраджаю. □ Вырасла новая, адданая сацыялізму інтэлігенцыя, якая выйшла з народу. Праграма КПСС.

4. Узнікнуць, з’явіцца. З жолуда вырас дуб. □ На захадзе вырасла чорная хмара. Чорны. На пустым месцы, у полі, вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай.. формы маладога жыцця. Колас.

5. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Перад падарожным вырас горад. □ У гэты.. момант дзверы хаты адчыніліся, і на парозе вырас сувязны. Васілевіч.

•••

Вырасці на вачах — хутка вырасці.

Вырасці на лес гледзячы — вырасці вельмі высокім.

Вырасці ў чыіх‑н. вачах — павысіць свой аўтарытэт перад кім‑н., заслужыць павагу, прызнанне ў каго‑н.

Як з(‑пад) зямлі вырасці (з’явіцца) — нечакана ўзнікнуць, хутка з’явіцца.

вы́расціць, ‑рашчу, ‑расціш, ‑расціць; зак., каго-што.

Забяспечыць рост, развіццё чаго‑н. Вырасціць сад. Вырасціць ураджай. // Выгадаваць. Вырасціць дзяцей.

выратава́льнік, ‑а, м.

Той, хто ратуе каго‑, што‑н.; збавіцель. Мы з Куксёнкам доўга развітваліся з нашым выратавальнікам Макаркам. Сабаленка.

выратава́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да выратавальнік.

выратава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для выратавання, садзейнічае выратаванню. Выратавальны круг. Выратавальная куртка. Выратавальныя прыёмы.

выратава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выратаваць.

вы́ратаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выратаваць.