наха́бнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паводзіць сябе нахабна, бесцырымонна.
наха́бны, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца нахабствам; бесцырымонны, бессаромны. Нахабныя дамаганні. □ [Адам:] — Ёсць, брат, у горадзе людзі, якія не пакарыліся і не пакарацца нахабным заваёўнікам... Якімовіч. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. // Назойлівы, неадчэпны (пра жывёл, птушак, насякомых). Дзверы ў сенцы яшчэ не адчынены, ды каля парога, на траве, стракаціць ужо і настойліва кланяецца хаце вечна галодная, нахабная арава качак. Брыль. // Які выражае нахабства. Нахабны тон. Нахабны выгляд. □ Лена адвярнулася: вельмі ж нахабны позірк у гэтага «казла», як называлі Вадзягу ў сяле. Ваданосаў.
наха́бства, ‑а, н.
1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. [Гузакоўскі] з’яўляўся прадстаўніком таго ўжо выміраючага племені «універсальных дзеячаў», якія з аднолькавым поспехам і нахабствам гатовы заняць любую пасаду ў любой установе. Краўчанка.
2. Нахабны ўчынак. А Хведар ужо спалохаўся сваіх слоў. Як ён адважыўся так жартаваць! Ці не падобна гэта на нахабства?.. Чарнышэвіч.
нахава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Схаваць што‑н. у вялікай колькасці. Нахавала вавёрка арэхаў на зіму.
нахадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
Пахадзіць многа, доўга, уволю. Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. [У вёсцы] я цудоўна адпачыў, пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, нахадзіўся ўдосталь па лесе і сенажацях. Ляўданскі. // Стаміцца, змарыцца ад хады. Нахадзіўся, што ног не чуе.
нахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.
1. Ходзячы, прайсці нейкую колькасць кіламетраў. Нахадзіць за дзень дваццаць кіламетраў.
2. Пахадзіць нейкі час. — Галодны не находзіць у школу... Жыць трэба. Аб хлебе дбаць, — павысіў голас Мітрафан. Пальчэўскі.
нахамута́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Нарабіць блытаніны, недарэчных памылак у якой‑н. справе. — [Рыбін] тут у вас нахамутаў здорава, — сказаў тонкім, нейкім свісцячым голасам Занозін і ціха ўсміхнуўся. Пестрак.
нахапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Захапіць, схапіць многа чаго‑н. [Сынклета Лукічна:] — Не давай [коней]! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся [зямлі] і на дачку і на сына... Шамякін.
2. перан. Неадабр. Павярхоўна, выпадкова засвоіць што‑н. Нахапацца новых слоў. □ За шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Але ж гэта былі абрыўкі, лахманы, адарваныя часам ад.. навукі. Дуброўскі.