Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жоўцевыдзяле́нне, ‑я, н.

Фізіялагічны працэс выдзялення жоўці печанню.

жоўцекамянёвы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з утварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і жоўцевых шляхах. Жоўцекамянёвая хвароба.

жо́ўценькі, ‑ая, ‑ае.

Ласк. да жоўты (у 1 знач.).

жоўць 1, ‑і, ж.

1. Жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань у кішэчнік.

2. перан. Раздражненне, злосць. Мой гнеў паволі адышоў і замяніўся на пагарду. — Які падрыў! Якая жоўць! Дудар.

жоўць 2, ‑і, ж.

1. Спец. Жоўтая фарба. Цынкавая жоўць.

2. Разм. Жаўцізна, жоўтае адценне. Заклякочуць буслы ля ракі І жоўцю заквецяцца клёны. Астрэйка.

жох, ‑а, м.

Разм. Хітры чалавек; ашуканец, прайдзісвет. Скажу вам быль, не плётку, Пра жоха аднаго, Дзяўчаты і малодкі, Пабойцеся яго. Броўка.

жры́ца, ‑ы, ж.

Жан. да жрэц.

жрэц, жраца, м.

1. Свяшчэннаслужыцель язычніцкіх рэлігій, які спраўляў богаслужэнне і абрад ахвярапрынашэння.

2. перан.; часам іран. Той, хто прысвяціў сябе служэнню чаму‑н. (навуцы, мастацтву і пад.).

жрэ́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жраца, жрацоў, належыць ім. Жрэцкая каста.

жрэ́цтва, ‑а, н.

1. Заняткі, абавязкі жраца.

2. зб. Саслоўе жрацоў.

жуда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Тое, што і жудасць. Вёска стаяла пустая і сваёй цішынёй наводзіла жуду на людзей. Бядуля.