Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кра́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крамы. Над жалезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа. Чорны.

2. Фабрычнага вырабу, куплены ў краме (пра матэрыю, вырабы з яе і пад.). Маці косы заплятала Новым, крамным касніком! Броўка. / у знач. наз. кра́мнае, ‑ага, н. Апрануты [дзед Юрка] ва ўсё крамнае: белая вышываная сарочка з чорнай камізэлькай, картовыя штаны, увабраныя ў юхтовыя боты. С. Александровіч.

крамо́ла, ‑ы, ж.

1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.

2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.

крамо́льнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто займаецца крамолай (у 1 знач.); змоўшчык, мяцежнік. Спачатку турэмшчыкі палічылі чыноўніка за вельмі сур’ёзнага злачынца, небяспечнага крамольніка. Арабей.

крамо́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да крамольніка, уласцівы яму. Крамольніцкі дух.

крамо́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уст. Займацца крамолай; бунтаваць.

крамо́льны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да крамолы, звязаны з ёй; мяцежны. Крамольная ідэя. Крамольныя справы. □ Усё ў.. газеце было неспадзявана крамольным: і бунтарскі дух, і антыцарскія настроі. С. Александровіч.

крамса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. крамсаць.

крамсану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да крамсаць.

крамса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм.

1. Праводзіць лініі, рабіць драпіны на чым‑н.; крэмзаць. Крамсаць паперу. □ Крамсалі вострыя пешні сухі, утрамбаваны грунт. Шынклер. // Успыхваючы, асвятляць; бліскаць, паласаваць. Неба спахмурнелае крамсаюць Дваццаць шэсць ахвярных бліскавіц. Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў Навальніца хоча блаславіць. Барадулін. / у перан. ужыв. З гадоў, калі неба крамсалі Узнятыя гневам клінкі, Прыходзяць да нас камісары — Духоўныя нашы бацькі. Бураўкін.

2. Ірваць, рэзаць на кускі. — Будзе доўга ён у мяне памятаць, як газеты крамсаць на цыгаркі. Васілевіч.

крамя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць крамянага. Крамянасць яблыка.