Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расчарава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расчараваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане расчаравання, які страціў веру ў каго‑, што‑н. — Яна прыйдзе мусіць не скора, — адказаў малады «мужчына». Валя пайшла расчараваная. Чорны. З абласнога цэнтра я вярнуўся назад у Вепры расчараваны... Што было рабіць далей? Сачанка. // Які выяўляе расчараванне, сведчыць пра расчараванасць. Маю ўвагу прыцягнула пажылая жанчына з расчараваным тварам, якая хадзіла ад аднаго стэнда да другога. «Звязда». — Гм-м! — пачуўся нейчы расчараваны голас з натоўпу, калі турбіна была вызвалена з-пад дошак, — а я думаў — бог ведае што. Броўка.

расчарава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак., у кім-чым і без дап.

Зведаць пачуццё незадаволенасці з прычыны няздзейсненых спадзяванняў, надзей, мар. Расчаравацца ў чалавеку. □ Калі .. [Магдалена] прыйшла дадому, то ёй прыйшлося расчаравацца адразу: ад Кастуся пісьма яшчэ не было. Чорны. — Мы чакалі вас. А я, праўду кажучы, уяўляла вас крыху іншым. — І зараз крыху расчараваліся? — паціскаючы .. [Евг Аўсееўне] руку, адказаў Максім. Машара.

расчарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.

Выклікаць у каго‑н. пачуццё незадаволенасці, разбурыць чые‑н. спадзяванні, надзеі, мары. Пісьмо расчаравала Раю: яна чакала нечага асаблівага, нейкіх незвычайных слоў, прыгожых, узнёслых, як у раманах. Шамякін.

расчаранкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Спец. Раздзяліць на чаранкі для прышчэпкі або пасадкі. Расчаранкаваць куст парэчак.

расчаранко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расчаранкаваць.

расчаро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да расчаравацца.

2. Зал. да расчароўваць.

расчаро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расчараваць.

расчарці́ць, ‑чарчу, ‑чарціш, ‑чэрціць; зак., што.

Нанесці на што‑н. штрыхі, лініі ў патрэбных кірунках. Расчарціць дошку. Расчарціць паперу. □ Выняў з партфеля макетны ліст, каб расчарціць усё на ім і пэўна ўжо ведаць, якія фота рабіць Шаевічу, а мне якіх памераў пісаць выступленні. Сабаленка.

расчаса́ны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расчасаць ​1.

2. у знач. прым. З гладкімі, прыведзенымі ў парадак валасамі; прычасаны. Прыйшла Мар’я Андрэеўна — расчасаная, прыбраная. Хадановіч.

расчаса́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расчасаць ​2.

расчаса́цца 1, ‑чашуся, ‑чэшашся, ‑чэшацца; зак.

Расчасаць грэбенем сабе валасы.

расчаса́цца 2, ‑чэшацца; зак.

Расшырыцца ад часання ​2 (аб высечанай адтуліне).