Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ую́к, ‑а, м.

Упакаваная паклажа, якая перавозіцца на спіне жывёлы. Густы вербалоз, безліч купін, хмары камароў і машкары не робяць лёгкім падарожжа па гэтых мясцінах. Выбіваліся мы адгэтуль перапэцканыя ў гразі, уюкі з сёдлаў саслізгвалі. Гавеман. // Мяшок, торба, сумка, прыстасаваныя перавозіць паклажу на спіне жывёлы.

[Цюрк. юк — паклажа.]

ую́н, ‑а, м.

1. Прэснаводная, вельмі рухавая рыба сямейства ўюновых з падоўжаным чэрвепадобным целам. Мяса ўюна тлустае, мяккае і крыху саладкаватае на смак. Матрунёнак.

2. перан. Разм. Рухавы, жвавы чалавек. [Сімачка] здрыганула ножкамі і ўюном выкаўзнулася, каб самой пабегчы да дзяцей. Гроднеў. // Пранырлівы, лаўкач. Гэты ўюн заўсёды выкруціцца.

•••

Віцца ўюном гл. віцца.

уюно́выя, ‑ых.

Сямейства рыб карпападобных.

уюрко́выя, ‑ых.

Сямейства птушак, да якога адносяцца ўюрок, канаплянка, шчыгол і інш.

уюро́к, ‑рка, м.

Лясная птушка сямейства ўюрковых.

ую́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўюка. Уючныя рамяні. Уючнае сядло.

2. Які служыць, прызначаны для перавозкі ўюкоў. Уючная жывёла.

ую́чыцца, уючыцца; незак.

Зал. да уючыць.

ую́чыць, уючу, уючыш, уючыць; незак., каго.

Нагружаць (жывёл) уюкамі; наўючваць.

уя́ва, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і уяўленне. Мая фантазія, уява малявалі ўсё, што я страціў і што мне так хацелася бачыць... Сачанка. Камісар хмурыўся: перад ім, ва ўяве, былі жывыя знаёмыя твары сяброў, — балюча было думаць, што гэтых людзей ужо няма. Мележ. // Напамінак, вобраз, прымета. З сакавіком прыходзяць уявы вясны: зямля, нібы звер, ад зімовае спячкі пачынае прачынацца павольна, але ўпарта. Мікуліч.

уяві́цца, уявіцца; зак., каму.

Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.