Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

навелісты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць навелістычнага.

навелісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да навелы ​1. Навелістычная літаратура.

наверадзі́цца, ‑вераджуся, ‑вярэдзішся, ‑вярэдзіцца; зак.

Тое, што і навярэдзіцца.

наверадзі́ць, ‑вераджу, ‑вярэдзіш, ‑вярадзіць; зак., што.

Тое, што і навярэдзіць. Пад самую восень забалела ў Цімошкі нага. Ці наверадзіў яе, за кароўкамі па лесе ходзячы, ці намуляў яе аборкамі, ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.

навербава́ны і навярбо́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навербаваць.

навербава́ць, ‑вярбую, ‑вярбуеш, ‑вярбуе; зак., каго-што.

1. Завербаваць у нейкай колькасці. [Кухта:] — Хачу прасіць, каб дазволілі навербаваць тысячы дзве рабочых на перыферыі. Карпаў.

2. Стварыць, арганізаваць шляхам вярбоўкі. Навербаваць войска.

наве́рзці,

гл. навярзці.

наве́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навярнуць (у 1, 2 і 5 знач.).

наве́рсе,

1. прысл. На верхняй частцы чаго‑н. Зімою ўпарты вецер свістаў у праломах сцен, ляскаў недзе наверсе бляхаю, невядома як уцалелаю. Мележ. Я са сваім таварышам.. пілаваў дошкі прадоўжнай пілой. Ён наверсе, я ўнізе. Чарнышэвіч. // На верхнім паверсе. Наверсе, у гаспадара дома, зайграла музыка. Якімовіч.

2. прысл. У вышыні, уверсе. [Манг з братам] на кожным кроку бачылі новы малюнак.. То траплялі ў такую цясніну або шчыліну, што толькі высока наверсе відаць была стужка неба.. То выязджалі на светлы вясёлы прастор. Маўр.

3. прысл., перан. Разм. У вышэйшай інстанцыі.

4. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, на верхняй частцы якога размяшчаецца што‑н. [Волечка] сядзела наверсе воза, а.. [Кастусь] ішоў збоку. Чорны.

наве́рх,

1. прысл. На верхнюю частку чаго‑н., у напрамку да верху чаго‑н. Усеўся зубр бліскучы Наверх на радыятар. Аўрамчык. Мільёны вялікіх і дробненькіх рыб Наверх усплываюць, ныраюць углыб. Глебка. // На верхні паверх. І тут раптам абставіны змяніліся: мяне перавялі працаваць наверх, на кухню. Даніленка.

2. прысл. На знешні бок; з сярэдзіны на паверхню. Смала выступіла наверх. □ Мядзведзя граў хлапчук.., апрануты ў вывернуты шэрсцю наверх кажух. Бядуля. // перан. На паверхню. Праўда выйдзе наверх.

3. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, на верхнюю частку якіх ці паверх якіх накіравана дзеянне. [Букрэй] сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкага шыняля яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром. Колас.

•••

Выйсці (усплыць) наверх гл. выйсці.