жо́лаб, ‑а; мн. жалабы, ‑оў; м.
1. Прадаўгаватае паглыбленне, выдзеўбанае ў чым‑н., а таксама прыстасаванне падобнай формы з дошак, ліставога жалеза і пад. для сцёку вадкасцей або перасыпання чаго‑н. Па жолабе наліўся залаты чыгун. Карпаў. // Прадаўгаватае паглыбленне ў грунце, па якім сцякае што‑н. Унь там рачулка срэбрам літым Бяжыць па жолабе размытым. Колас.
2. Карыта, у якое закладваецца корм жывёле. Капейка зноў пачаў хваліць — і кабылу.., і жолаб, у якім Міхась абмешваў вотру[б’ем] сечку. Брыль.
жолабападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд жолаба. Жолабападобнае рэчышча.
жо́луд, ‑а, М ‑дзе; мн. жалуды, ‑оў; м.
Плод дуба. Пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды. Шамякін. Выйшлі вепры жалудоў Пашукаць каля дубоў. Калачынскі.
жо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Замужняя жанчына ў адносінах да свайго мужа. Адзінока жыў на дальнім хутары З жонкай і дачкой Кажан Рыгор. Панчанка. Мужык і жонка — адна суполка. З нар.
жо́нчын, ‑а.
Які належыць жонцы. Жончыны ўборы. □ [Андрэй] падышоў да стала, глянуў у жончын твар. Чорны.
жор, ‑у, м.
Перыяд, калі рыба з прагнасцю кідаецца на яду. Адразу пасля нерасту ў шчупакоў пачынаецца жор. Матрунёнак.
жо́раў, ‑рава, м.
Разм. Тое, што і журавель 1. У вырай сабраліся гусі, І жораў азваўся пад небам... Купала.
жо́рны, ‑аў; адз. няма.
Ручны млын, які складаецца з двух гладка абчэсаных круглых камянёў, пры дапамозе якіх зерне пераціраецца на муку. Маня з мачыхай прасявалі пшанічную муку на пірагі к святу і дамолвалі высеўкі ў жорнах. Васілевіч.