Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

карталю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Невялікі лісток паперы, звычайна з якім‑н. запісам на ім. — Тут, брат, ёсць для цябе карталюшка адна, — сказаў стараста і зняў шапку: у шапцы насіў ён свае паперы. Колас. Выслухаў, выстукаў [доктар] хлопца кругом, Даў карталюшку на лекі. Купала.

картасхе́ма, ‑ы, ж.

Спрошчаная, безмаштабная і без геаграфічнай сеткі карта для ілюстрацыі істотных рыс якой‑н. з’явы.

картатэ́ка, ‑і, ДМ ‑тацы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сістэматызаваны збор картак аднолькавага памеру з якой‑н. даведачнай ці ўліковай інфармацыяй. Бібліятэчная картатэка. □ Каб даць каму-небудзь характарыстыку, .. [Іван Іванавіч] звяртаўся да сваёй картатэкі, дзе былі сабраны біяграфічныя [даныя] на кожнага супрацоўніка. Карпюк.

2. Скрынкі з такімі карткамі. З невялікай картатэкі, прымайстраванай да стала, Собіч дастаў картку. Скрыган.

[Ад слова карта і грэч. thēke — скрынка.]

картатэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да картатэкі. Картатэчная скрынка. Картатэчная шафа.

картатэ́ччык, ‑а, м.

Служачы, які складае картатэку, загадвае картатэкай.

картатэ́ччыца, ‑ы, ж.

Жан. да картатэччык.

ка́ртачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да картка; тое, што і картка. Лексікаграфічная картачка. Фатаграфічная картачка. Уліковая картачка.

ка́ртачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да карты, карт (у 2 знач.). Картачная гульня. // Звязаны з гульнёй у карты. Картачны доўг. // Прызначаны для гульні ў карты. Картачны стол.

2. Які мае адносіны да карткі (у 1, 4 знач.). Картачны каталог.

•••

Картачная сістэма гл. сістэма.

Картачны домік гл. домік.

картве́л,

гл. картвелы.

картве́лка,

гл. картвелы.