Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

карта́вінка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Злёгку картавае вымаўленне. Гаварыў .. [Слава] неяк інакш, неяк націскаў на «р», і заўсёды ў яго выходзіла з картавінкай. Сабаленка.

карта́віць, ‑таўлю, ‑тавіш, ‑тавіць; незак.

Вымаўляць начыста, няправільна гукі «р» або «л». Калі .. [Васіль] хваляваўся, то пачынаў прыкметна картавіць. Шамякін. Гаворка .. [Адэліны] была нейкая птушыная, яна не то картавіла, не то прыкідвалася, што картавіць, і, мабыць, лічыла, што вельмі хораша гаворыць. Чарнышэвіч.

карта́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.

2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.

картагра́ма, ‑ы, ж.

Карта, на якой графічна (штрыхоўкай, размалёўкай і пад.) паказаны статыстычныя даныя адносна якой‑н. з’явы. Картаграма шчыльнасці насельніцтва. Картаграма пасяўных плошчаў вобласці.

[Ад слова карта і грэч. grámma — запіс, малюнак.]

картаграфава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. картаграфаваць.

картаграфава́цца, ‑фуецца; незак.

Зал. да картаграфаваць.

картаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., што.

1. Наносіць на карту (у 1 знач.). Картаграфаваць мясцовасць. Картаграфаваць пашырэнне моўнай з’явы.

2. Складаць картаграму.

картаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да картаграфіі, прыняты ў картаграфіі. Картаграфічныя знакі. Картаграфічныя прыёмы. // Які займаецца вырабам геаграфічных карт. Картаграфічная фабрыка.

картагра́фія, ‑і, ж.

Навука аб складанні геаграфічных карт, а таксама само складанне іх.

[Ад слова карта і грэч gráphō — пішу.]

картадыягра́ма, ‑ы, ж.

Спец. Карта, на якой у выглядзе дыяграмы паказаны статыстычныя даныя, якія адносяцца да пэўнай тэрыторыі.