расхо́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расхапаць, расхапіць.
расхрабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм. Набрацца храбрасці; асмялець. А вось аднойчы, як Ваня расхрабрыўся і правёў дзяўчыну з суседняй вёскі, там палічылі, што ён больш не прускі жыхар, а іх. Сергіевіч. Выпіла і яна, Зося. І расхрабрылася. Пазірала-пазірала на Аўгена Лявонавіча і раптам запыталася: — Аўген Лявонавіч, а хто такая Фру-фру? Лупсякоў.
расхрапці́ся, ‑храпуся, ‑храпешся, ‑храпецца; ‑храпёмся, ‑храпяцеся; пр. расхропся, ‑храплася, ‑лося; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга храпці.
расхры́станы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхрыстаць.
2. у знач. прым. Шырока раскінуты ў бакі, расшпілены (пра адзенне). А дзед быў прыгожы. Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Брыль. // Апрануты ў шырока расхінутае, расшпіленае адзенне. Расхрыстаныя, са збітымі набакір шапкамі, .. [хлапчукі] былі поўныя гарэзлівасці, неўтаймаванай энергіі. Арабей. Дубавец, расхрыстаны і пачырванелы, ішоў за плугам, паварушваў яго ў руках. Капыловіч. // Раскрыты, аголены. [Адамчук] у сподняй сарочцы, расхрыстаную валасатую грудзіну, чырвоны твар залівае пот. Навуменка.
расхрыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Расхінуць шырока на сабе адзенне. Чаго ты расхрыстаўся? // Шырока расхінуцца (пра адзенне, часткі адзення). Крыссе .. [Анісімавага] кажуха расхрысталася і блыталася ў нагах. Сачанка. [Каліберда], відаць, не сачыў за сабою, бо адзенне было страшэнна неахайнае, брудны каўнер.. расхрыстаўся. Мележ.
расхрыста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Расхінуць шырока (адзенне, часткі адзення). [Крушынскі] расхрыстаў скураную жакетку. Бядуля. // Раскрыць, агаліць (цела), расхінуўшы адзенне. Блукае [Фенька], як здань, — сухаплечы, рабрысты, Чупрыну ўскудлачыў, грудзіну расхрыстаў. Арочка.
расхры́ствацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да расхрыстацца.
расхры́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расхрыстаць.
расху́таны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расхутаць.
расху́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Перастаць быць захутаным, зняўшы з сябе якое‑н. верхняе адзенне (хустку, шаль і пад.).