Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кардо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Каробка з кардону для лёгкіх рэчаў. Кардонка з-пад чаравікаў. □ Калі Віктар Сяргеевіч замест звычайнай доктарскай трубкі дастаў з кардонкі нейкі невядомы ёй апарат, бабка пачала часцей міргаць вачамі і прыглядацца. Якімовіч. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Караткевіч.

2. Разм. Невялікі кавалак кардону. Кардонка пад насценны каляндар. □ Закончыўшы запаўняць картку, пісар кінуў мне за бар’ер вузенькую кардонку з нумарам: — Насіць у левай кішэні. Ідзі. С. Александровіч.

кардо́нны ​1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кардону, прызначаны для вырабу яго; кардонавы. Кардонная папера. Кардонная фабрыка. // Зроблены з кардону. Кардонная скрынка. Кардонная папка. □ Тут жа, на канапе, таксама валяліся кнігі ў каленкоравых.. і кардонных вокладках. Карпаў.

кардо́нны ​2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кардона ​2. Кардонныя вартавыя. Кардонная служба.

кардо́ншчык, ‑а, м.

Рабочы, заняты вырабам кардону або карданажу.

кардыё... (а таксама кардыя...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае словам «сэрца», «сардэчны», напрыклад: кардыёграф, кардыёлаг.

[Ад грэч. kardia — сэрца.]

кардыёграф, ‑а, м.

Прыбор для запісвання работы сэрца.

[Ад грэч. kardía — сэрца і grápho — пішу].

кардыёлаг, ‑а, м.

Урач, які лечыць сардэчныя хваробы.

кардына́л, ‑а, м.

1. Вышэйшы пасля папы рымскага духоўны сан у каталіцкай царкве, адзнакамі якога з’яўляюцца чырвоны капялюш і мантыя. // Асоба, якая мае гэты сан.

2. Пеўчая птушка з ярка-чырвоным (колеру кардынальскай мантыі) пер’ем, якая водзіцца ў Амерыцы.

[Ад лац. cardinalis — галоўны.]

кардына́льны, ‑ая, ‑ае.

Галоўны, важны, самы істотны. Кардынальнае пытанне. Кардынальныя праблемы. Кардынальныя змены. □ На вопыце палітычнай барацьбы працоўныя пераконваліся, што кардынальнае вырашэнне нацыянальнага пытання можа даць толькі перамога сацыялістычнай рэвалюцыі. «Полымя».

[Ад лац. cardinalis — галоўны.]

кардына́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кардынала (у 1 знач.), належыць яму. Кардынальскі сан. Кардынальская мантыя.

карды́т, ‑у, М ‑дыце, м.

Агульная назва сардэчных хвароб.

[Ад грэч. kardía — сэрца.]