Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кара́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Каляны ад засохлай гразі; закарэлы. Каравая ануча. □ Баба прынесла з гары.. каравыя старыя нагавіцы. Чорны. // Вельмі брудны, запэцканы граззю. Каравая свіння.

2. Пакрыўлены, вузлаваты, з нарасцямі (пра дрэвы, расліны). Я стаяў пад караваю грушаю-дзічкаю адзін сярод чыстага поля. Сачанка. Не памятаю, як было, але вавёркаю я ўжо сядзеў на каравай алешыне. Нікановіч.

3. Загрубелы, нягнуткі, з шурпатай скурай (пра рукі, ногі). Каравыя пальцы. □ На возе, звесіўшы босыя каравыя ногі, сядзеў Дойла. Адамчык.

4. перан. Разм. Няскладны, няўмелы, груба выкананы. Каравы пераклад. Каравая фраза. □ Словы тыя .. адно за другое ніжуцца, каравыя, нязграбныя. Лынькоў.

каравя́к, ‑у, м.

Разм. Каровін кал.

каравя́чы,

гл. каровячы.

карага́ч, ‑а, м.

Паўднёвае лісцевае дрэва ці куст сямейства вязавых; бераст.

[Ад цюрк. кара агач — чорнае дрэва.]

карага́чавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карагача. Карагачавы лес.

караго́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Масавая народная гульня, якая суправаджаецца танцамі, песнямі і драматычнымі дзеяннямі. Вадзіць карагод. □ Дзе ні паявіцца Алеся, то там будзе і весела, і жыва — могуць песні пайсці, могуць танцы, ад яе могуць пачаць карагод. Скрыган. // Масавы дзіцячы танец-гульня. Дзеці запляскалі ў ладкі і заскакалі ў вясёлым карагодзе вакол елкі. Сіняўскі. / у знач. прысл. караго́дам. Усё скончылася ўдарам: страсянуўся свет, і зоры карагодам пайшлі перад вачамі. Самуйлёнак.

караго́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Вадзіць карагод. Скакалі, карагодзілі [маскі] І пляскалі. А я маўчаў, Замкнуўшы ў сэрцы крык. Макаль.

караго́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Завадатарка ў карагодзе; удзельніца карагодных гульняў.

караго́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карагода, прыняты ў карагодзе. Карагодныя песні. Карагодныя гульні.

карае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Дробны жук-шкоднік бурага або чорнага колеру, які грызе драўніну і кару дрэў.