Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

учасці́цца, ‑ціцца; зак.

1. Стаць больш частым, пачаць часцей паўтарацца. Учасціліся раннія замаразкі. Учасціліся перакуры. □ Косцю заняло дух, учасціўся рытм сэрца. Карпюк.

2. Зрабіцца больш скорым, хуткім.

учасці́ць, учашчу, учасціш, учасціць; зак., што.

1. Зрабіць больш частым, часцей паўтараць. Учасціць свае паведванні.

2. Зрабіць больш скорым, хуткім. Учасціць рытм руху.

учатыро́х, прысл.

У колькасці чатырох асоб (асобна пра мужчын або пра жанчын). Недзе, за некалькі вёрст, быў пажар, — ружовы промень ледзьве трапятаўся на чорным небе. Алесь падышоў [да пажарнага склада]. Каля помпы стаялі ўчатырох. Чорны.

учацвяры́х, прысл.

Колькасцю ў чатыры асобы (пра асоб рознага полу або істот ніякага роду).

уча́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад учасціць.

учашча́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да учасціцца.

2. Зал. да учашчаць (у 1 знач.).

учашча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да учасціць.

2. без дап. Разм. Часта бываць дзе‑н. [Зося] менш, мала калі, стала хадзіць туды [у вёску] гуляць, хоць і так не лішне ўчашчала; хутарская кожнадзённая работа вельмі таміла яе. Чорны.

учашчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. учашчаць (у 1 знач.) — учасціць.

учо́ра, прысл.

1. У дзень, які папярэднічаў сённяшняму; напярэдадні. Учора ў штабе групы вырашана, што наш полк пачне наступленне ў лоб белым. Барашка. Учора — гром, а сёння — снег. Вясна ў зіме, зіма ў вясне. Шымук. // Не так даўно, у недалёкім мінулым. Хоць ты плячом варочаў горы, Умеў пад хмарамі лятаць — Не гавары — кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.

2. у знач. наз. учо́ра, нескл., н. Папярэдні, мінулы дзень. Учора не дагоніш, ад заўтра не ўцячэш. Прыказка.

учо́рашні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Тое, што і учарашні.