Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Хадзіць павольна ўзад і ўперад. Як і ўчора, расхаджваў вартавы, ціха насвістваў. Навуменка. // Павольна хадзіць; прагульвацца. Міхалка спаважна расхаджвае па садзе між казачнага пчалінага гарадка з рознакаляровымі домікамі. Якімовіч. // Шмат хадзіць, часта бываць дзе‑н., у каго‑н. Расхаджваць па гасцях. // Разм. Хадзіць у тым або іншым адзенні. Нехта з членаў камітэта нясмела падаў голас: — Сам Дывінец вунь звузіў калошы, дый у [сты]льным гальштучку расхаджвае... Асіпенка.

расхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

1. Адчуць сябе лепш, размяўшыся ў хадзе, рухах. А расхадзіцца ўсё ж [Коля] не можа: млеюць ногі, водзіць у бакі шумлівая галава... Якімовіч. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Пальчэўскі.

2. Уцягнуцца ў хаду, перастаць адчуваць ад яе стомленасць.

3. Пачаць хадзіць многа, сюды-туды. Было чуваць, як расхадзілася.. [цётка Ганна] на двары, усё клі[чучы]: — Сымон, Сымон! Лынькоў.

4. перан. Дайсці да крайняй ступені ў праяўленні чаго‑н., у якіх‑н. дзеяннях. Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва [хлопчыкі] — расхадзіліся так, што скакалі і на печы і на палацях, і пад палацямі лазілі. Мележ. — Нешта ты расхадзіўся Можа, лепей было б, каб памаўчаў? Галавач. // Пачаць моцна праяўляцца (пра якія‑н. недамаганне. У .. [Ганны Граноўскай] да таго расхадзіліся нервы, што часта ўздрыгвалі вейкі. Гурскі. // Разбушавацца (пра з’явы прыроды). Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Чарнышэвіч.

расхаладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць раўнадушным, халодным да каго‑, чаго‑н. [Віктар Сяргеевіч:] — А я ўжо хацеў падумаць благое: расхаладзела піянерыя да таямніцы кургана. Якімовіч.

расхаладзі́ць, ‑халаджу, ‑халодзіш, ‑халодзіць; зак., каго-што.

Зрабіць раўнадушным, халодным у адносінах да каго‑, чаго‑н.; зменшыць сілу пачуцця, парывання. Замінка нас крыху расхаладзіла. Карпюк. Напамінак аб Еве расхаладзіў Мартына. Ён разняў рукі і нават чутачку падаўся ў бок ад Аўгіні. Колас.

расхало́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расхаладзіць.

расхало́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Зал. да расхалоджваць.

расхало́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расхаладзіць.

расхандры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Пачаць моцна хандрыць.

расхапа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расхапаць.

расхапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Пахапаць усё паасобку. Аднекуль з-за бар’ера паявіліся дзяўчаты, уміг расхапалі цэглу і зніклі. Асіпенка. Але ўсіх жарэбчыкаў расхапалі сабе шасцікласнікі і сямікласнікі. Якімовіч. // Разм. Хутка раскупіць.