мярзо́тнік, ‑а, м.
Разм. Мярзотны, подлы чалавек; нягоднік. [Лясніцкі:] — Ваш стараста — здраднік. Суровая рука народа павінна знішчаць такіх мярзотнікаў. Шамякін.
мярзо́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вельмі агідны, паганы; подлы. Мярзотнае стварэнне. Мярзотная лаянка. □ У глыбіні душы.. [Люба] адчувала, што адбылося нешта непапраўнае і па сваёй сутнасці агіднае, мярзотнае. Лынькоў. [Патоцкі] не задумваецца ў выбары сродкаў для дасягнення сваіх мярзотных мэт. Шкраба.
мярцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Страчваць прыкметы жывога, станавіцца мёртвым. Мярцвее твар хворага. // Траціць рухомасць, адчувальнасць; нямець. Мярцвець ад холаду. Мярцвець ад жаху. □ Падкошваліся ногі,.. было горача, як ля агню, і мярцвелі рукі. Пташнікаў.
2. перан. Рабіцца пустынным, змярцвелым. Мярцвее наваколле.
мярцві́ць, ‑влю, ‑віш, ‑віць; незак., каго-што.
1. Пазбаўляць жыцця, губіць.
2. перан. Разм. Рабіць пустынным, змярцвелым. У яўрэйскім канцы вуліцы было яшчэ цішэй. Субота мярцвіла ўсе праявы будзённага жыцця. Гартны.
мярцвя́к, мерцвяка, м.
Мёртвы чалавек; нябожчык.
мярцвя́чына, ‑ы, ж.
1. Трупы жывёл. [Алесь:] — Наш Міхась казаў, што ракі мярцвячыну ядуць. Ваданосаў.
2. перан. Разм. Разумовы, духоўны застой; заняпад, інертнасць.
мярэ́жа, ‑ы, ж.
1. Сетка для лоўлі рыбы, нацягнутая на абручы.
2. Тое, што сваім выглядам нагадвае сетку. Пацямнела. Белая была толькі дарога. У лесе на снег апала густая шэрая мярэжа. Пташнікаў. Насустрач беглі дрэвы, заштрыхаваныя мярэжай дажджу. Мележ.
мярэ́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад мярэжыць.
2. у знач. прым. Вышыты мярэжкай, з мярэжкай. Мярэжаная манішка. Мярэжаная сурвэта.
мярэ́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі.
мярэ́жкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мярэжкі. Мярэжкавая вышыўка.