Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мя́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да мяльшчык.

мя́мліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што і без дап.

Разм. Незразумела, невыразна і вяла гаварыць. Іголкі-вочы інспектара прашывалі Ганса Коха, які нешта мямліў у адказ на яго пытанні. Лынькоў.

мя́мля, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.

Разм. Той, хто мямліць; вялы, нерашучы чалавек. Прыйшлося ўмовы сацспаборніцтва чытаць. А каму чытаць? Тут жа мямлі якой не даручыш. Пянкрат.

мяне́,

гл. я.

мянёк, мянька, м.

Тое, што і мянтуз.

мянта́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Наждачная лапатка, якой востраць косы. [Алесь] спыніўся, узяў вехцік сакавітай травы, абцёр палатно касы, і яна зазвінела, заспявала пад мянташкаю. Сабаленка.

2. перан. Разм. Пра таго, хто многа і без толку гаворыць; трапло. Шкада, што мянташкам Там-сям давяраюць І волю даюць Языкамі мянціць. Корбан.

мянта́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм. Тое, што і мянціць. Чуваць здалёку, як касцы Мянташаць звонка косы. Калачынскі. — Мянташыш ты языком, Пракоп, і праўда, як тая баба, — сярдзіта адгукнуўся з-пад стога Ладуцька і адвярнуўся ад мужчын. Хадкевіч.

мянту́з, ментуза, м.

Прэснаводная драпежная рыба сямейства трасковых з падоўжаным целам і плямістай скурай. Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка.

мяну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Назва, дадзеная чалавеку жартам, у насмешку або для канспірацыі. [Дзед:] — Марка — гэта імя таго чалавека, а Руды — вулічная мянушка, бо ён меў рудую бараду... Шуцько. Быдла, ёлупень, балбес, лапатнік, турак, фармазон — якія толькі мянушкі несыпаліся на галовы бедных семінарыстаў! С. Александровіч. Карніцкаму, які насіў мянушку Пчала, у той час было яшчэ далёка да трыццаці год. Паслядовіч.

2. Назва, дадзеная адной жывёле ў адрозненне ад іншых падобных. [Святлана:] — Тата, а як мы яго назавём? У звярынцы ж ва ўсіх звяроў ёсць мянушкі. Сіняўскі.

мянці́ць, мянчу, менціш, менціць; незак.

1. што. Вастрыць мянташкай. Неўзабаве касцы выйшлі да дарогі і прыпыніліся на хвіліну адпачыць. Некаторыя сталі мянціць косы. Даніленка.

2. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць многа і без толку, гаварыць бязглуздзіцу; трапацца, лапатаць. Языкі быццам з прывязі пазрываліся і мянцілі немаведама што. Сабаленка. [Даміра:] — А вы языком толькі менціце. Мы ды мы. А дзе тыя брыгады, што на сходзе старылі? Асіпенка.