насценгазе́та, ‑ы, ДМ ‑зеце, ж.
Насценная газета.
насце́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сцяны. Бетоннаму заводу трэба было выпусціць першую партыю жалезабетонных вырабаў для чыгуначнай эстакады і насценныя блокі. «Маладосць». // Прызначаны, прыстасаваны вісець на сцяне. Насценны каляндар. Насценны гадзіннік. // Змешчаны ў сцяне. Адчыніў [Вася] насценную шафу, яшчэ раз агледзеў форменны кіцель, штаны і чыстую паласатую цяльняшку. Краўчанка.
2. Які выкананы на сцяне. Насценны жывапіс.
•••
Насценная газета гл. газета.
насцеражы́цца, ‑ражуся, ‑ражышся, ‑ражыцца; ‑ражымся, ‑ражыцеся, ‑рагуцца і насцяро́жыцца, ‑рожуся, ‑рожышся, ‑рожыцца; заг. насцеражыся; зак.
Стаць насцярожаным, напружана-ўважлівым. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Крапіва. Алесь насцеражыўся і застыў у грознай, ваяўнічай позе. В. Вольскі. Пачуўшы словы на незнаёмай ім мове, дзяўчаты адразу насцярожыліся. Лынькоў.
насцеражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; ‑ражым, ‑ражыце, ‑рагуць і насцяро́жыць, ‑рожу, ‑рожыш, ‑рожыць; заг. насцеражы; зак., каго-што.
Выклікаць насцярожанасць, напружаную ўвагу, трывогу. Патруль, каб не насцеражыць нас, увесь час ішоў за намі на адной дыстанцыі, не рызыкуючы аднак затрымаць. Карпюк. — Праходзьце, бацюхна, праходзьце, — сказаў фельчар, як звычайна, але позірк ягоных вачэй насцеражыў Сяргея. Сіўцоў. Маша зноў змаўчала. Гэта насцярожыла Васіля. Шамякін.
насцёбвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да насцябацца, насцёбацца (у 1 знач.).
насцёбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да насцябаць, насцёбаць.
насціга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да насцігнуць.