растрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растрэсці.
растрэ́сены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад растрэсці.
2. у знач. прым. Які мае неахайны выгляд, падраны (ад частага карыстання). За шклом з паўсотні кніжак, пазачытваных насмерць, зашмальцаваных, растрэсеных. Чорны. Выбраўшы .. жменю лістоў ад старых растрэсеных падручнікаў і сшыткаў, [бабуля] сшывае з іх Толіку кнігу. Брыль. // Прыведзены ў нягоднасць, няспраўнасць, разбіты. Растрэсеныя калёсы. □ — Антон, — ужо зусім іншым голасам папрасіла бабка, — глядзі ты, сыночак, каля тае машыны. Яна старая, растрэсеная. Каліна.
растрэ́сканы, ‑ая, ‑ае.
Які мае трэшчыну; пакрыты трэшчынамі. Між адвечных жаралістых І растрэсканых камлёў Тоўстых клёнаў і дубоў, Кругам стаўшых, бы маністы, Стол даўжэразны аж гнецца Ад закусак дарагіх. Колас.
растрэ́скацца, ‑аецца; зак.
Даць трэшчыны, накрыцца трэшчынамі. Камень растрэскаўся.
растрэ́скванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. растрэсквацца — растрэскацца.
растрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. растрос, ‑трасла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак., каго-што.
1. Трасучы, раскідаць, рассыпаць. Растрэсці сена. □ [Іван:] — Чорныя латы Саломы вецер растрос ля дарогі. Танк.
2. Разм. Разгубіць дарогай. Пуд сена рас трос за дарогу. // перан. Страціць, згубіць. — Годз[е] ўжо, Папас, не бі ты, І так розум ён [Сымон] растрос. Колас. [Загорскі:] — А раскольнікі — харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй, — мову, звычаі — збераглі, не растрэслі... Караткевіч.
3. Разбурыць, прымусіць распасціся. Растрэсці сноп. □ [Бабка:] — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна. — Гняздо маё Растрэсла навальніца І з дзеткамі мне недзе прытуліцца, — Чырыкаў Верабей пра зорачка сваё. Валасевіч. // Зрабіць непрыгодным, няспраўным; разбіць. Я пашкадаваў ужо, што так не па-людску абышоўся з Карлам — яшчэ, чаго добрага, растрасе калымагу. Сачанка.
4. Натаміць, намучыць пры трасучай яздзе. — Растрасяце хлопца па шашы, а тут ці мала яго натузалі. Чарнышэвіч. Легкавой машыны .. няма, а на грузавой бакі растрасеш па карчах. Кулакоўскі.
растрэ́сціся, ‑трасуся, ‑трасешся, ‑трасецца; ‑трасёмся, ‑трасяцеся; пр. растросся, ‑трэслася і ‑траслася, ‑трэслася і ‑траслося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскідацца, рассыпацца. Чорныя, кучаравыя валасы яе [пані Мар’і] «полькі» растрэсліся па падушцы, а чырвоныя, нібы прыпухлыя губы ўсміхаліся. Брыль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Разгубіцца, раскідацца па дарозе. А звозіцца летам з балота ніхто ў Закалюжжы не хацеў.. Лепш тое сена, што растрасецца, на подсціл зімой пойдзе. Пташнікаў. // перан. Страціцца, згубіцца. Здавалася, што ўсё выйшла з памяці, растрэслася на ліхіх пуцявінах жыцця. Мыслівец.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца, распасціся. Рыгор паправіўся на сядзенні, якое растраслося і ссунулася наперад. Гартны. // Стаць непрыгодным, няспраўным ад трасення. — Тыр-р-р ... Драбіны растрасуцца... З калёс спаўзала і рассыпалася салома. Пташнікаў.
4. Натаміцца, намучыцца трасучай яздою.
расту́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад растузаць.
расту́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна тузацца. Час ад часу, калі буланы занадта ўжо моцна растузаецца, гаспадар таўчэ няўрымсніка кулаком у храпу. Сачанка.