Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

галі́на, ‑ы, ж.

1. Бакавы адростак на ствале дрэва; сук з веццем. Тонкаю галінай Трэцца дуб аб дуб. Бядуля. Свае галіны Чаромха млосна зварухне, І раскалыша звон пчаліны. Гаўрусёў.

2. Адгалінаванне ад чаго‑н. галоўнага, асноўнага. Што датычыць Мінскага ўзвышша, то яно ў паўночна-ўсходнім напрамку паніжаецца, расшчапляючыся на дзве галіны. Прырода Беларусі.

галіна́, ы́, ж.

Асобная вобласць навукі, вытворчасці і пад.; пэўная сфера заняткаў, дзейнасці. Працаваць у галіне фізікі. Новыя галіны прамысловасці. □ Старшыня.. калгаса Сямён Антонавіч Крыжачэнка паказваў гасцям жывёлагадоўчыя фермы, грамадскае будаўніцтва, знаёміў з усімі галінамі вялікай.. гаспадаркі. Пянкрат.

галінава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. галінавацца.

галінава́цца, ‑нуецца; незак.

Разгаліноўвацца, абрастаць галінамі.

галіна́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі галінамі; разложысты, разгалісты. Галінасты дуб.

галіне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. галініцца.

галі́ністы, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю галін. Галіністы парастак. Галіністая пшаніца. // Які мае выгляд галін. Галіністыя рогі аленя.

галі́ніцца, ‑ніцца; незак.

Пускаць адросткі, абрастаць галінамі. Сцябло галініцца.

галі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да галіна; невялікая галіна. Зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі.

галі́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да галінкі, прыгатаваны з галінак. Галінкавы корм.

галіно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пэўнай галіны, ахоплівае асобную галіну. Галіновы навукова-даследчы інстытут. Галіновая канферэнцыя.