растлума́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да растлумачваць.
растлума́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растлумачыць.
растлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Тлумачачы, раскрыць сэнс чаго‑н., зрабіць ясным, зразумелым. — Ён [Коля] жмінда, — памаўчаўшы, заявіў Алеська. — Што гэта за жмінда? — не зразумеў Сашка. — Зайздрослівы, прагны да ўсяго, — растлумачыла Пюрка. Даніленка. Сабралі камандзіраў і камісараў атрадаў, растлумачылі ім баявую задачу. Шамякін. Чаму яна, гэта песня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць. Колас.
растлумачэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. растлумачваць — растлумачыць.
2. Дадатковае пісьмовае або вуснае тлумачэнне чаго‑н. Вершам [Таўлая] менш за ўсё патрэбны прадмовы і растлумачэнне. Лужанін. Перадача скончылася, зайгралі «Інтэрнацыянал», а чыгуначнікі ўсё стаялі, як бы чакаючы працягу, растлумачэння. Навуменка.
растлусце́лы, ‑ая, ‑ае.
Які растлусцеў; растаўсцелы. Часамі ад куста да куста ляніва гоцаў растлусцелы заяц. Карпюк.
растлусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Зрабіцца тлустым, растаўсцець. У лесе ежы восенню было багата, Таму і растлусцець Мядзведзь не ў меру змог. Корбан.
расто́к, ‑тка і ‑тку, м.
1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.
2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.
3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».
расто́плены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад растапіць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў вадкім стане. Снеданне заўсёды гатовае чакала іх [Кастуся і Ліпу] на прыпечку: суп, аладкі, растопленае масла на патэльні. Гаўрылкін. У лесе пахла растопленай смалой. І ўсё жывое хавалася ў цень. Чыгрынаў.
расто́плівацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да растапіцца.
2. Зал. да растопліваць.
расто́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растапіць.