раствара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растварыць.
раствары́цца, ‑творыцца; зак.
Утварыць у злучэнні з вадкасцю аднародную сумесь. Цукар растварыўся ў вадзе. // Спец. Утварыць раствор, змяшаўшыся з якім‑н. рэчывам. // перан. Згубіцца сярод каго‑, чаго‑н. Дарога даўно растварылася ў густым травастоі. Беразняк. Як лёгка патануць у натоўпе, растварыцца ў стракатым мільганні капелюшоў, каўняроў, .. паліто! Гамолка.
раствары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак., што.
Прымусіць растварыцца. Растварыць соль у вадзе. // перан. Прымусіць зліцца з чым‑н., зрабіць незаўважаным сярод каго, чаго‑н.; паглынуць. Перад наступленнем карнікаў быў мой загад: жанчын, дзяцей, хворых рассяліць у вёсках, растварыць у насельніцтве. Шамякін. На дварэ сцямнела, прыцемкі скралі, растварылі абрысы дамоў, прадметаў, людзей. Радкевіч.
растварэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раствараць — растварыць і растварацца — растварыцца.
раство́р, ‑у, м.
Аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога‑н. рэчыва ў вадзе або ў іншай вадкасці. Содавы раствор. □ [Тася Кабрынец] да свірка прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі ільнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам, перамешваюць. Бялевіч. // Аднародная сумесь вяжучага матэрыялу, пяску і вады, якая ўжываецца ў буцаўніцтве. На рыштаваннях новых дамоў у руках муляроў мільгалі кельні са свежым растворам. Якімовіч. // Спец. Раўнамерная сумесь двух або некалькіх рэчываў. Газападобны раствор. Вадкі раствор. Цвёрды раствор.
•••
Фізіялагічны раствор — водны раствор солей, блізкі па сваіх уласцівасцях да плазмы крыві.
раство́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад растварыць.
раство́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раствору; прызначаны для прыгатавання раствору. Хутка Зіна пачала працаваць мулярам, а Зоя пайшла ў брыгаду на растворны вузел. Грахоўскі.
раство́ршчык, ‑а, м.
Рабочы, які рыхтуе растворы.
растлумача́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае на мэце растлумачыць што‑н. Растлумачальная работа. Растлумачальны жэст.
растлума́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад растлумачыць.