Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утрэ́свацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да утрэсціся.

2. Зал. да утрэсваць.

утрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утрэсці.

утрэ́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утрэсці.

утрэ́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Улюбіцца. — Можа яшчэ і зяцем будзеш, — паспрабавала.. [жанчына] пажартаваць, — у мяне ж вунь якія дзеўкі растуць: паглядзіш — адразу ўтрэскаешся. Скрыган.

утрэ́сці, утрасу, утрасеш, утрасе; утрасём, утрасяце; пр. утрос, утрэсла; заг. утрасі; зак., што.

1. Трасучы, паменшыць аб’ём, ушчыльніць што‑н. рыхлае, сыпкае. Утрэсці муку ў мяшку.

2. перан. Разм. Уладзіць, узгадніць што‑н. — Дамовімся так: усе свае канфлікты вы ўтрасяце мірна, — гаворыць ціха Мазоль. Місько.

утрэ́сціся, утрасецца; зак.

1. Паменшыцца ў аб’ёме, ушчыльніцца ад трасення (пра што‑н. сыпкае, дробнае).

2. перан. Разм. Уладзіцца, прыйсці да ўдачнага канца. — Чым ты зараз мяркуеш заняцца, Максім? — перапыніла яго думкі Галіна Макараўна.. — У абедзенны перапынак даведаюся ў гаспадыні, ці не можа яна пусціць цябе субкватарантам хоць бы часова, пакуль падвернецца што‑н. лепшае.. — Дзякуй, Галіна Макараўна, неяк утрасецца ўсё гэта. Машара.

уту́лак, ‑лку, м.

Абл. Добраўпарадкаванасць жылля, быту; утульнасць. Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі — хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах — пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Быкаў. Венскія крэслы ад сцяны.. былі перастаўлены да стала. І адразу пакой набыў нейкі адметны выгляд і ўтулак, ён як бы пашырэў, параскашнеў. Сабаленка.

уту́лачны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і утулкавы.

уту́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утуліць.

утулі́цца, утулюся, утулішся, утуліцца; зак.

1. Уткнуўшыся, прыціснуцца да чаго‑н. Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Гартны. Кастусь Прыбыткоўскі.. убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Чорны. // Адасобіцца, схавацца куды‑н. Васіль яшчэ глыбей утуліўся ў змрочны куток вагона і думаў, думаў, прыкрыўшы вочы. Пестрак.

2. Захутацца ў што‑н. Мы ўтуліліся ў сваё, даволі лёгкае адзенне, сцішыліся і слухалі гутарку вады з вадою. Сташэўскі.