растапта́цца, ‑топчацца; зак.
Разм. Страціць форму, стаць залішне прасторным у выніку працяглай носкі; разнасіцца (пра абутак). [Соф’я Сідараўна:] — Сукенка твая ўжо нікуды не варта. Ды і чаравікі растапталіся. Парахневіч.
растапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Топчучы або наступіўшы, расціснуць. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравічок. Скрыпка. Лёня кінуў так і не дакураны бычок, растаптаў яго, плюнуў і моўчкі ўзяў з рук Хоміча павады. Брыль. // перан. Зняважыць чые‑н. пачуцці, унізіць чыю‑н. годнасць. [Сяргей:] — Вы растапталі маю веру ў чалавечую шчырасць! А я лічыў вас сапраўднымі людзьмі... Шамякін.
2. Разм. Доўга носячы, зрабіць залішне прасторным, разнасіць (абутак). Растаптаць туфлі.
растапы́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад растапырыць.
2. у знач. прым. Рассунуты, расстаўлены ў розныя бакі, распасцёрты ўшыркі. Сядзеў за сталом [Хлор] усё такі ж набычаны, рукі з чорнымі растапыранымі пальцамі трымаў перад сабой. Мележ. Іголкі на.. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.
растапы́рванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. растапырвацца — растапырыцца і растапырваць — растапырыць.
растапы́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да растапырыцца.
2. Зал. да растапырваць.
растапы́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растапырыць.
растапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм.
1. Рассунуцца, расставіцца ў розныя бакі. Пальцы Міронавы растапырыліся, пусцілі Лазараву кашулю, а сам ён няўдала сагнуўся, адсунуўся і лёг на мяшок. Галавач. // Падняцца тырчма; натапырыцца. Гента на страсе растапырылася, як пер’е ў мокрай птушкі. Грамовіч.
2. Стаць або сесці, расставіўшы ногі або рукі. На памост падняўся кат, .. усе прымоўклі .. А тады моцна стаў, растапырыўшыся, бо пачалі ўзводзіць на памост Якуша. Скрыган. // перан. Распасцерціся ўшыркі, раскінуўшы вецце, галіны і пад. [Ігруша] дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем. Чорны.
растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм.
1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.
растармажэ́нне, ‑я, н.
Спец. Знікненне ў кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга ўнутранага тармажэння пры дзеянні якога‑н. новага, пабочнага раздражняльніка.
растармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; зак., што.
1. Перашкодзіўшы тармажэнню, паскорыць ход чаго‑н.
2. Спец. Ліквідаваць у кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга стан унутранага тармажэння пры дзеянні якога‑н. новага, пабочнага раздражняльніка.