Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уга́двацца, ‑аецца; незак.

1. Адчувацца, улоўлівацца па якіх‑н. прыкметах. На пустыры ледзь угадваліся ў цемры абрысы будучага стадыёна. Шыцік. Цені на твар клаліся мякка, рысы тонка акрэсліваліся, і, больш чым калі, угадвалася былая краса. Карпаў. Па шэрых заімшэлых рэштках сцен лёгка ўгадвалася, што гэта быў сапраўдны тыповы замак нейкіх .. нямецкіх баронаў. Ракітны.

2. Зал. да угадваць.

уга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да угадаць.

угадзі́ць, угаджу, угодзіш, угодзіць; зак.

1. каму. Дагадзіць каму‑н., зрабіўшы што‑н. прыемнае, патрэбнае, жаданае. — Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці. — Можа, чым табе не ўгадзіла? Грахоўскі.

2. Разм. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Потым аціраўся [здраднік] у Чыжэвічах ля царквы, пры нейкім складзе быў, нарэшце ж, за крадзеж угадзіў у турму. Кулакоўскі.

3. Разм. Кідаючы або ўдараючы чым‑н., папасці ў каго‑, што‑н. — Цаляў у галаву, а ўгадзіў у плячо. І я, пэўна, крыкнуў ад болю. Ракітны. [Пан Булыга] хацеў заехаць Валодзіку па нагах кульбаю, але з гарачкі не пацэліў і ўгадзіў пані Авяліне. Бажко.

уга́дчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і угадвальнік.

уга́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да угадчык.

угайда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Ад гайданкі прыйсці ў хваравіты або дрымотны, санлівы стан.

угало́п, прысл.

Самым хуткім алюрам, галопам. [Андрушка] ўсхапіўся на сядло, прышпорыў каня і аж угалоп пусціўся па вуліцы. Лобан.

угамава́нне, ‑я, н.

Абл. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угамаваць.

угамава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад угамаваць.

угамава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

Абл.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца. Пісар Васількевіч, як заўважыў Лабановіч, угамаваўся і паспакайнеў. Колас. Ціха ўсё наўкола. Угамавалася станцыя. Нават аматараў вечаровага шпацыру .. і то не відаць. Шынклер.

2. Утаймавацца, перастаць што‑н. рабіць. [Цётка:] На тым тыдні насілі ў Дараўку яйкі, масла і воўну... Яны ж [белапалякі] усё бяруць. Я не ведаю, калі яны ўгамуюцца... Баранавых.