жлу́кціцца, ‑ціцца; незак.
Зал. да жлукціць 1.
жлу́кціць 1, ‑кчу, ‑кціш, ‑кціць; незак., што.
1. У тэкстыльнай прамысловасці — апрацоўваць бавоўну, баваўняныя і льняныя вырабы растворам шчолачаў для ачысткі і падрыхтоўкі да бялення, афарбоўкі; у папяровай вытворчасці — апрацоўваць анучы з мэтай ачысткі ад гразі і тлушчу.
2. У пральнай справе — апрацоўваць бялізну мыльна-шчолачным растворам.
жлу́кціць 2, ‑кчу, ‑кціш, ‑кціць; незак., што.
Разм. Многа і прагна піць. Узяўшы кубак, .. [Парэчкус] доўга і прагна жлукціў ваду. Броўка.
жлу́кчанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. жлукціць 1.
жмак, ‑а, м.
Няпэўная колькасць чаго‑н. (сена, саломы і пад.), большая за жменю, але меншая за ахапак. [Жаўнер], што сядзеў на стажку, сумыслу кінуў на дзеда жмак сена. Колас. Дзяўчына адышлася за некалькі крокаў ад кошыка і, ухапіўшы жмак сухога верасу, падняла яго. Навуменка.
жма́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Абл. Мяць, камячыць. У галаве боль, ломіць яе, крышыць. Не павярнуць вачэй. Нехта сцяў зубамі за пераноссе, цісне, жмакае... Пташнікаў.
жма́кі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Тое, што і жамерыны. Канапляныя жмакі.
жмачо́к, ‑чка, м.
Памянш. да жмак; невялікі жмак. Нупрэй сядзеў на жмачку сена, узятага з будкі. Кулакоўскі.
жме́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Памянш. да жменя; невялікая жменя. Аднойчы Ліпка нават не вытрымала: заўзята паплявала ў малыя жменькі, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла. Брыль. Тут жменька нас — салдат марской пяхоты. Ляжым. Не спіцца. Ноч. Імжыць імжа. Налева мора, ўперадзе мяжа. Зарыцкі.
жме́ня, ‑і, ж.
1. Далонь і пальцы рукі, складзеныя так, каб імі можна было зачэрпнуць або ўтрымаць што‑н. Віктар падбег да балота, зачэрпнуў у жменю вады, змяшаў і пяском і прынёс Мірону. Маўр. Волька з задавальненнем расцёрла ў жмені колас, панюхала, паспрабавала на зуб. Васілевіч.
2. Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі. Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. // Пучок сарваных, зжатых раслін, які можна абхапіць далонню і пальцамі. Сухія, ломкія, спелыя сцёблы жменя за жменяю клаліся на перавяслы. Мележ.
3. перан. Нязначная колькасць, нямнога каго‑, чаго‑н. Туліцца каля платоў Жменя худых цялят. Танк.
•••
Поўнай жменяй — шчодра, не шкадуючы. У сонцы дзён, у зорнасці начэй Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй. Бядуля.
жмі́нда, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай, ж.
Разм. пагард. Пра скупога чалавека, скнару. Мікодым, хоць і быў жмінда, на гэты раз не паскупіўся. Сабаленка. Маці кідае на бацьку гнеўны позірк. — У-у-у, жмінды, малака дзіцяці пашкадавалі. Асіпенка.