му́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Непразрысты, нячысты, змешаны з дробнымі часцінкамі чаго‑н.; каламутны (пра вадкасці). Паплыло ў кабінет волкае паветра дажджлівага лістападаўскага дня.. Па шыбах паўзлі мутныя кроплі. М. Ткачоў. Па вуліцы шалёна несліся патокі мутнай вады, змываючы ўсё, што ні пападалася на іх шляху. Васілевіч.
2. Пацямнелы, затуманены (аб бліскучых ці празрыстых прадметах). На покуце, перад вялікімі абразамі гарэла лампадка. Яе агеньчык адбіваўся ў мутных сярэбраных аправах. Хомчанка. Сляпыя вокны анямела Глядзяць на двор, на курганок, Ужо другі дзень вечарамі У іх не свеціцца лучнік, І толькі ў мутным шкле часамі Ад[а]б’ецца месяц-чараўнік. Колас. / Пра вочы, позірк. Дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы. Колас.
3. Зямліста-шэры, ахутаны імглою, туманам; туманны. [Неба] было нізкае, па-асенняму мутнае, халоднае і нічога, акрамя дажджу, не абяцала. Сачанка. Воз пакідаў за сабой лёгкі белаваты пыл, які хутка разыходзіўся па баках мутным туманам. Бядуля. // Няясны (пра святло). [Разведчыкі] спыніліся ў мутным святле з вялікага акна. Брыль.
4. перан. Разм. Недастаткова выразны, зразумелы, абгрунтаваны. Трэба заўважыць, што кожнае выступленне Фабрэгата працягвалася гадзінамі, і ў мутнай плыні слоў няцяжка было прыкмеціць загадзя абдуманае спаўзанне «радыкальнага» прафесара-дыпламата з адной пазіцыі на другую. Новікаў.
му́фель, ‑я, м.
Спец. Вогнетрывалая танкасценная камера ў спецыялізаваных печах, якая засцерагае керамічныя, фарфоравыя і інш. вырабы пры награванні, абпальванні ад непасрэднага ўздзеяння агню, газу, сажы.
[Ням. Muffel.]
му́фельны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да муфеля. Муфельнае абпальванне.
муфло́н, ‑а, м.
Дзікі горны баран сямейства пустарогіх, які звычайна сустракаецца на астравах Міжземнага мора.
[Фр. moufflon ад іт. muffolo.]
му́фта, ‑ы, ДМ ‑фце, ж.
1. Прыналежнасць жаночай вопраткі, род адкрытага з двух бакоў цёплага мяшочка для сагравання рук. Ідучы, .. [Рыма] не размахвала рукамі, як гэта рабіў.. [Міхась], а ўвесь час трымала іх у муфце. Лупсякоў.
2. Спец. Прыстасаванне, якое служыць для злучэння канцоў труб, валаў, стальных канатаў і пад. Жалезная муфта. Гумавая муфта. Муфта счаплення.
[Ад ням. Muffe.]
му́фтавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да муфты (у 2 знач.).
му́фтачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да муфта (у 1 знач.).
2. Спец. Тое, што і муфта (у 2 знач.); невялікая муфта.
му́фтый, ‑я, м.
Вышэйшая духоўная асоба ў мусульман, якая надзелена правам выносіць рашэнні па рэлігійна-юрыдычных пытаннях; тлумачальнік карана.
[Араб. mufti.]
му́ха, ‑і, ДМ мусе, ж.
Шырокараспаўсюджанае двухкрылае насякомае, якое часта з’яўляецца пераносчыкам узбуджальнікаў інфекцыйных хвароб.
•••
Гесенская муха — камарападобнае насякомае атрада двухкрылых, небяспечны шкоднік хлебных злакаў.
Шпанская муха — а) невялікі жучок, шкоднік лісцевых дрэў і кустоў; б) пластыр з высушанага і здробненага гэтага жучка; выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Быць пад мухаю гл. быць.
З мухамі (у носе) — з норавам.
Мухі дохнуць — пра каго‑н. вельмі сумнага, нуднага або што‑н. вельмі сумнае, нуднае.
Мухі не пакрыўдзіць гл. пакрыўдзіць.
Рабіць з мухі слана гл. рабіць.
мухае́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Насякомае атрада восаў, якое корміць сваіх лічынак мухамі.