Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рассо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які можна рассунуць. Рассоўныя дзверы. Рассоўны стол. □ У гэты момант .. рассунуліся рамы над маёй галавой, — у большасці там рамкі не на [завесах], а рассоўныя. Дубоўка.

рассо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які рассохся. У бібліятэцы .. — знаёмы паўзмрок, цішыня, прахалода і рассохлая падлога пад нагамі. Адамчык. На двары ў беспарадку валяліся пасечаныя дровы, ляжалі рассохлае карыта, пагнутае старое вядро і вялізная бочка. Асіпенка.

рассо́хнуцца, ‑нецца; пр. рассохся, ‑сохлася; зак.

Высахнуць да такой ступені, каб утварыліся шчыліны. — Бяры, Антось, ты човен гэты. Рассохся трохі ён за лета. Колас. — Хачу вады ў балею нанасіць, каб не рассохлася. Зуб. // перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. [Маці — Андрэю:] — Зося вучыцца пачне. Яна ж збіраецца ў інстытут. І вяселле ёй тады не да ладу стане. Баюся, каб яно не рассохлася ў вас. Дуброўскі.

расспява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачаўшы спяваць, захапіцца спевамі. Расспяваліся дзяўчаты. □ Вось і бусел паказаўся, Гусі дзікія гудуць, Шпак на дубе расспяваўся. Колас.

2. Праспяваўшы некаторы час, пачаць спяваць лёгка, свабодна.

расстава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца.

расстава́цца, ‑стаюся, ‑стаешся, ‑стаецца; ‑стаёмся, ‑стаяцеся.

Незак. да расстацца.

расста́віцца, ‑віцца; ‑вімся, ‑віцеся, ‑вяцца; зак.

Разм. Стаўшы, размясціцца ў пэўным парадку (пра ўсіх, многіх).

расста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць, размясціць якім‑н. чынам, парадкам. Расставіць мэблю. Расставіць шахматныя фігуры. □ Няня бясшумна расставіла талеркі і бадзёрым голасам звярнулася да .. [хворага]. Васілевіч. Мікола з Казанскім прагледзяць кінаплёнку, каб ведаць, у якім парадку расставіць канцэртныя нумары... Гаўрылкін. // Размеркаваць для выканання якіх‑н. абавязкаў па службе, па рабоце. Расставіць вартавых. Правільна расставіць сілы.

2. Паставіць так, каб павялічылася адлегласць паміж чым‑н. — Заслона. — расцяжна закрычаў няпрошаны артыст і на ўсю шырыню расставіў ногі і развёў рукі. Кулакоўскі.

3. Рассунуўшы, устанавіць для выкарыстання што‑н. раскладное, рассоўнае. Расставіць мальберт. Расставіць сетку.

расстагна́цца, ‑стагнуся, ‑стогнешся, ‑стогнецца; зак.

Разм. Пачаць моцна і доўга стагнаць.

расста́йны, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Які мае адносіны да расстання; звязаны з расставаннем. Клічуць мяне ля расстайных дарог Сосны, якіх я ад куль не збярог. Танк. Журавы на поўдзень адлятаюць Воблакам расстайнае журбы. Прануза.