Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

макрата́, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.

Вада, вільгаць, якія пакрываюць, пранізваюць што‑н. Боты набраклі, ногі ныюць і заходзяцца ад волі і макраты. Грахоўскі. // Разм. Мокрае, дажджлівае надвор’е. Поезд прывёз на глухую, залітую дажджом станцыю і пайшоў сабе далей. Як хочаш дабірайся да «горада», як хочаш ратуйся ад макраты і гразі. Лось.

макраце́ла, ‑а, н.

Фізічнае цела вялікіх памераў. Траекторыя руху макрацела.

макрацэфа́л, ‑а, м.

Спец. Чалавек з вялікай або падоўжанай спераду назад галавой; проціл. мікрацэфал.

макрацэфа́лія, ‑і, ж.

Спец. Празмерная велічыня галавы або падоўжанасць галавы спераду назад.

[Ад грэч. makrós — вялікі і kephalē — галава.]

макро́та, ‑ы, ДМ ‑роце, ж.

Слізістыя і гнойныя выдзяленні з лёгкіх або дыхальных шляхоў. Кашаль з макротай. □ — Палачкі Коха ў макроце знайшлі, — растлумачыў па ўсіх правілах медыцыны брат. Дамашэвіч.

макро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да макроты.

макро́цце, ‑я, н.

1. Тое, што і макрата.

2. зб. Разм. Пра што‑н. мокрае, набраклае вадой. Цётка Арына як не крыкнула на мяне: — Скідай гэтае макроцце ды на печ! Сабаленка.

макры́ца, ‑ы, ж.

1. Невялікая ракападобная жывёліна, якая жыве ў сырых месцах.

2. Аднагадовае пустазелле сямейства гваздзіковых з паўзучым сцяблом і дробнымі белымі кветачкамі, якое расце ў сырых месцах. Мігай .. папраставаў па зарослых лебядою і макрыцаю даўніх, яшчэ даваенных градах на сваё селішча. Сачанка.

макрэ́дзь, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і макрата. Ужо стаялі на дварэ халодныя восеньскія дні, з дажджамі, з макрэддзю. Лынькоў.

макрэ́левы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да макрэлі.

2. у знач. наз. макрэ́левыя, ‑ых. Сямейства марскіх драпежных рыб.