хронаметражы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да хронаметражыст.
хронаметры́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выконваецца пры дапамозе хранометра. // Прызначаны для запісу паказанняў хранометра. Хронаметрычны журнал.
2. Такі, як у хранометра. Хронаметрычная дакладнасць у рабоце.
хронаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да хранаскопа.
хро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
1. Запіс гістарычных падзей у храналагічнай паслядоўнасці; летапіс. Варта было б успомніць, што сто гадоў назад П. Гільтэбрант надрукаваў урывак са Слуцкай хронікі; хроніка гэта ў той час захоўвалася ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў. «Полымя». Жанр летапісу ці хронікі даўно ўжо склаўся ў біяграфічнай літаратуры. Г. Кісялёў.
2. Літаратурны твор, у якім паслядоўна выкладаецца гісторыя грамадскіх, палітычных і іншых падзей. Выдатнае месца сярод старажытных помнікаў пісьменнасці беларускага народа займаюць летапісы і хронікі. Чамярыца. // Гісторыя якога‑н. роду, сям’і. Сямейная хроніка Нявады-Лукашэвіча перапыняецца хронікай сям’і Сымона Ракуцькі. Дзюбайла. // Гісторыя якіх‑н. падзей, чыіх‑н. прыгод. [Ігналя] давай, як па кнізе, чытаць хроніку пройдзенага дня ад самага рання. Бядуля. Я коратка расказаў Зіне «хроніку» свайго жыцця, пачынаючы з ваенных гадоў. Васілевіч.
3. Кароткая інфармацыя аб бягучых падзеях (у газеце, часопісе, па радыё). Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было.. зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас. // Аддзел інфармацыі аб мясцовым бягучым жыцці (у газеце, часопісе).
4. Дакументальны фільм аб падзеях бягучага жыцця. Пеця авалодаў пакуль што самымі элементарнымі ведамі кінатэхніка.. Аднойчы яму нават пашанцавала самастойна прапусціць хроніку! Стаховіч.
[Грэч. chroniká.]
хро́снік, ‑а, м.
Уст. Хросны сын у адносінах да хросных бацькоў. Праўда, хросная Вольга Епіфанаўна, тая, якой Максім паказваў свае першыя вершы па-беларуску, хоць і не разумела, не спачувала ў галоўным, але, добрая душа, не адмовіла хросніку ў просьбе выпісаць для яго спачатку «Нашу долю», а потым «Нашу ніву». М. Стральцоў.
хро́сніца, ‑ы, ж.
Уст. Хросная дачка ў адносінах да хросных бацькоў. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша — яго хросніца. Шамякін.
хро́сны, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае адносіны да абраду хрышчэння. Хросныя бацькі; хросны бацька, хросная маці (мужчына і жанчына, якія ўдзельнічаюць у абрадзе хрышчэння дзіцяці). Хросны сын, хросная дачка (у адносінах да хросных бацькоў). Хросны брат, хросная сястра (якія маюць адных і тых жа хросных бацькоў).
2. у знач. наз. хро́сны, ‑ага, м.; хро́сная, ‑ай, ж. Хросны бацька, хросная маці. Марыя Антонаўка доўга захоўвала першы падарунак свайго хроснага — залаты крыжык з ланцужком. «Маладосць».