холадаўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны пераносіць нізкую тэмпературу. Холадаўстойлівыя гатункі вінаграду.
хо́ладна,
1. Прысл. да халодны (у 10 знач.).
2. безас. у знач. вык. Аб нізкай тэмпературы паветра. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе. Багдановіч.
3. безас. у знач. вык., каму. Аб стане чалавека, які адчувае холад, дрыжыкі. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна. Чорны. — Можа вам так холадна будзе, — спагадліва запытала.. [Марыя]. Кулакоўскі. // Аб стане чалавека, які адчувае дрыжыкі ад моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін. Рукі і ногі ў мяне амярцвелі. Мне зрабілася холадна і горача. Бядуля.
•••
Ні холадна ні горача каму гл. горача.
хо́ладнасць, ‑і, ж.
Тое, што і халоднасць. Андрэй павярнуўся да Людмілы. На яго твары былі скаванасць, холаднасць, але яны скора саступілі месца вінаватасць. Арабей.
хоп, выкл. у знач. вык.
Ужываецца паводле знач. дзеясл. хапіць. [Зыгмусь:] — Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. Выпусціць Косцік жабу на зямлю, а бусел хоп яе чырвонай дзюбай — і праглыне. Паслядовіч.
хор, ‑у; мн. хары, ‑оў; м.
1. У старажытнагрэчаскім тэатры — група выканаўцаў з спевакоў і танцораў.
2. Група або калектыў спевакоў, якія выконваюць разам вакальныя творы. Хор імя Пятніцкага. Народны хор БССР. □ Кулькін, выявілася, спяваў у хоры і ведаў ноты. Машара. У клубе на сцэне выстройваўся хор. Асіпенка.
3. Музычная п’еса, прызначаная для выканання пеўчым калектывам. Кампазітар напісаў не кантату, а проста хор.
4. чаго. Адначасовае гучанне многіх гукаў. Сход маўчыць, а потым чуецца адзін голас, другі, а за ім хор галасоў гудзе. Колас. У адказ.. [Сымону Якаўлевічу], нібы рэха, прагучаў дружны хор дзіцячых галасоў: — Я, юны піянер... Якімовіч.
5. чаго. Мноства аднолькавых думак, меркаванняў. Намыснік, рыжы намеснік і нейкі капітан былі ўжо ў інтэрнаце. Хорам пахвалы яны спаткалі дзяўчат. Грамовіч. Пасля хору хвалебных рэцэнзій узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».
6. Спец. У струнных музычных інструментах — парныя, строеныя і пад. струны.
7. у знач. прысл. хо́рам. а) Усе разам, у некалькі галасоў (аб спевах). Да цябе [Нарачы] бор працягвае рукі, Для цябе хорам птушкі звіняць. Прыходзька; б) усе адразу, адначасова, дружна (пра якое‑н. выказванне). — Правільна! Малайчына, Вова! — хорам падхапілі рабяты прапанову таварыша. Шыловіч.
хо́рам, ‑а; мн. хорамы, ‑аў; м.
Вялікі жылы будынак; палац. Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам. Купала. / Жарт. Пра дом, жыллё. [Гаспадыня:] — Дык куды ж я вас пушчу. Бачыце ж, які ў мяне хорам, няма дзе нават сесці, не тое што легчы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору, І неяк дзіўна пазіраць На гэты светлы хорам. Панчанка.
хо́рамны, ‑ая, ‑ае.
Той, хто валодае хорамам, жыве ў хораме. Ты [князь] ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.
хо́раша,
1. Прысл. да харошы (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра прыемныя абставіны. Як прыемна пахне збожжа! А вакол — спакойна! Эх, як слаўна, як прыгожа, Хораша, прыстойна! Колас. Хораша ў чэрвеньскім лесе! Мележ.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ўнутранага задавальнення, зведанага кім‑н. Хораша сэрцу ў прасторах-вышынях, Хораша ў садзе сваім салаўю! Лось. Твар старой хвілінку заспакоены: ёй хораша, што нават і Федзька, інжынер, з Брэста прыехаў. Ракітны.
хо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Спец.
1. Прамая, якая злучае дзве кропкі крывой лініі.
2. Восевы шкілет у выглядзе пругкага эластычнага цяжа, спінная струна (у некаторых жывёл і ў зародка чалавека).
[Грэч. chordē — струна.]
хо́рдавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хорды (у 2 знач.). Хордавы храсток.
2. у знач. наз. хо́рдавыя, ‑ых. Вышэйшы тып жывёл, якія маюць хорду на якой‑н. стадыі развіцця.