блазнава́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. блазнаваць.
блазнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Крыху, злёгку блазенскі. Блазнаватыя кепікі. Блазнаватая ўсмешка.
2. Тое, што і дурнаваты. От ужо і хлопцы якія павырасталі, а .. [Праксэда] ўсё глядзіць на свайго Мікодыма, як на блазнаватага. Сабаленка.
блазнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.
Разм. Тое, што і блазнаваць. [Таня:] — Прытрымай язык, Максім, і не блазнуйся. Машара. — Што вы, цётачка! — ад шчасця блазнавалася.. [Зося]. Карпаў.
блазнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
Разм. Строіць з сябе блазна (у 2 знач.), дурэць; гаварыць глупствы, недарэчна жартаваць. Ад таго, што на іх ніхто не глядзеў, у Мікалая з Іванам адпала ахвота блазнаваць. Карпюк.
блазно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
Разм.
1. Тое, што і блазан (у 1 знач.); малакасос. Дзіва што: ён жа ўжо не якая блазнота і яму смела можна даручыць такую важную справу! Якімовіч. [Гарашчэня:] — Малако матчына па губах не абсохла. Ай, блазнота! Гурскі. // зб. Малеча, драбяза (пра дзяцей). Ды смех пачуецца блазноты: Вясне так рады малышы. Колас.
2. Дураслівасць. Прафесар бачыў у паводзінах Сымонкі не зласлівасць і не простую дзіцячую блазноту. Кавалёў.
блазню́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і блазан (у 1, 2 знач.). Люба ведала, што Ігнась не маленькі ўжо, не блазнюк. Мурашка. Тады .. [Генька] быў яшчэ блазнюк, дзіця. Паслядовіч. Аляксею таксама было смешна, але ён стрымліваў сябе, каб не быць падобным на гэтых несур’ёзных блазнюкоў. Шамякін.
блазнюкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які любіць блазнаваць; блазан (у 2 знач.). Не так ужо заўсёды і смешна бывала, што ён гаворыць ці вычварае, гэты няўрымслівы, блазнюкаваты дзяцюк. Брыль.
2. Уласцівы блазнюку (у 2 знач.); поўны блазенства. Потым, спаткаўшыся з яго [Карніцкага] нейкім блазнюкаватым позіркам вачэй, [дзяжурны] усхапіўся з-за стала, залямантаваў на ўвесь пакой. Паслядовіч.
блазню́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да блазнюк.
блака́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Акружэнне горада, крэпасці, войск і інш. войскамі праціўніка з мэтай адрэзаць іх ад навакольнага свету і прымусіць здацца. Наступленне Савецкай Арміі апярэдзіла новую блакаду Налібоцкай пушчы. Брыль.
2. Сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю якой‑н. дзяржавы з тым, каб прымусіць яе выканаць пэўныя патрабаванні або адмовіцца ад дзяржаўнай самастойнасці. Эканамічная блакада. Фінансавая блакада.
3. Выключэнне функцыі якога‑н. органа або сістэмы арганізма. Новакаінавая блакада.
[Англ. blockade.]
блака́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да блакады; які мае месца ў час блакады. Блакадная зіма. Блакадныя баі. □ У цяжкім блакадным жыцці.. [Карп] на ўсё глядзеў па-гаспадарску, клапаціўся аб кожнай рэчы, якая магла спатрэбіцца ў далейшым. Шамякін.