усясве́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і сусветны (у 2 знач.).
усяхва́левы, ‑ая, ‑ае.
Прыстасаваны для прыёму і перадачы па радыё на ўсіх хвалях. Усяхвалевы прыёмнік.
усячы́, усяку, усячэш, усячэ; усячом, усечаце, усякуць; пр. усек, ‑ла; зак., што.
1. Адсякаючы, укараціць. Усячы касільна. // (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы адсячы што‑н. Палена цвёрдае — не ўсячэш.
2. Спец. Урабіць, уставіць у высечаную адтуліну. Усячы перагародку ў сцяну.
3. перан. Кніжн. Паменшыць колькасць складоў у радку. Усячы склад у вершаваным радку.
уся́чына, ‑ы, ж.
Разм. У выразе: усякая ўсячына — а) самыя разнастайныя рэчы, прадметы. Бакоўка была захламлена ўсякай усячынай. Няхай; б) усё, што хочаш, усё без разбору. Усю ноч не давалі спакою цяжкія і трывожныя сны. Плялася ўсякая ўсячына, у галаву лезла розная дрэнь. С. Александровіч.
усячэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. усячы.
2. У граматыцы, літаратуразнаўстве — скарачэнне слова або верша ў канцы, а таксама само слова або верш з такім скарачэннем. Дактыль з усячэннем.
утаі́цца, утаюся, утоішся, утоіцца; зак. (часцей з адмоўем «не»).
Разм. Застацца невядомым для каго‑н. Праўда, утаіцца ад жонкі не ўдалося, але, ведаючы характар мужа, яна нічога не сказала яму. Васілёнак. Не ўтоішся з справай такою... І нікне Цімох. Баіцца ён сам прад сабою Прызнаць свой падвох. Колас.
утаі́ць, утаю, утоіш, утоіць; зак., каго-што і з дадан. сказам.
1. Захаваць у тайне, скрыць ад іншых. Далажыў [Пішчыкаў], чым займаўся полк. Нічога не ўтаіў, усё расказаў. Алешка. Не ўтаю, што часамі журыўся Я вясенняю звонкай парой. Астрэйка. Салдаты стрымлівалі слёзы, стараючыся ўтаіць іх ад камандзіра. «ЛіМ».
2. Прысвоіць. Утаіць чужыя грошы.
утаймава́льнік, ‑а, м.
Спецыяліст па ўтаймаванню дзікіх звяроў.
утаймава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. утаймаваць.