Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыёрэ́ха, ‑а, н.

Радыёсігнал, які з’яўляецца адбіткам пасланага радыёсігнала. Вымярэнне адлегласцей метадам радыёрэха.

радыёсе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сетка перадавальных і прыемных радыёстанцый.

2. Комплекс узмацняльнай апаратуры і ліній радыёсувязі, прызначаных для перадачы радыёвяшчальных праграм.

радыёсігна́л, ‑у, м.

1. Тое, што і радыёхвалі. Атрыманыя з космасу радыёсігналы ператвараюцца ў фотаздымкі, на якіх бачны воблакі, што навісаюць над рознымі раёнамі Еўропы, Азіі, Афрыкі. «Маладосць».

2. Сігнал, перададзены па радыё.

радыёсістэ́ма, ‑ы, ж.

Комплекс радыёэлектроннага абсталявання, прызначаны для выканання пэўнай задачы.

радыёслуха́ч, ‑а, м.

Той, хто слухае перадачы радыёвяшчання. Канцэрт па заяўках радыёслухачоў. □ — Таварышы радыёслухачы! Пачынаем нашу навагоднюю перадачу. Якімовіч.

радыёслуха́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да радыёслухач.

радыёспекта́кль, ‑я, м.

Спектакль, які перадаецца па радыё. Творчай удачай апошняга часу трэба лічыць радыёспектакль «І нічога ўзамен» па аднайменнай аповесць А. Савіцкага. «ЛіМ».

радыёспектраскапі́я, ‑і, ж.

Метады даследавання будовы рэчыва, а таксама фізічных і хімічных працэсаў у ім, заснаваныя на рэзанансным паглынанні радыёхваль.

радыёспо́рт, ‑у, М ‑рце, м.

Тэхнічны від спорту, які ўключае розныя спаборніцтвы з выкарыстаннем радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафізічнымі практыкаваннямі.

радыёста́нцыя, ‑і, ж.

Комплекс прылад для перадачы і прыёму інфармацыі з дапамогай радыёхваль.