Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распы́рскацца, ‑аецца; зак.

1. Распляскацца, рассеяцца пырскамі. Вячэрняе люстра вады Распырскалася пад вяслом. Танк.

2. Пачаць моцна і доўга пырскацца, пырскаць.

распы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Распляскаць, рассеяць пырскамі ў розныя бакі. Распырскаць ваду з бочкі.

распы́рсквальнік, ‑а, м.

Прыстасаванне для распырсквання чаго‑н. Распырсквальнік для вадкіх угнаенняў.

распы́рскванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распырскваць — распырскаць.

распы́рсквацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распырскацца.

2. Зал. да распырскваць.

распы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распырскаць.

распыта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распытаць.

распыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Тое, што і распытаць. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. Колас. Язэпка распытаўся ў бабулі, як ісці на Стаўбцы, і, падзякаваўшы ёй, адразу ж падаўся ў дарогу. Якімовіч.

распыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Пытаючы ў каго‑н., даведацца, высветліць што‑н. Ганна з палёгкаю ўздыхнула і шпарка рушыла ў бок чыгункі, каб распытаць там дарогу ў Арэхаўку. Шамякін. Салдат разгаварыўся з Панасам, распытаў, хто ён такі, за што яго забралі. Колас. Кепска, што гэтую мясцовасць .. [Рыбак] ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Быкаў.

распы́тванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распытваць — распытаць.

2. Пытанні, з дапамогай якіх што‑н. высвятляецца. [Міронаў] змог узяць для рамана фактычны матэрыял не з распытванняў.., а з уласнага вопыту. «Полымя».