Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мотафелю́га, ‑і, ДМ ‑люзе, ж.

Невялікае маторнае рыбалоўнае бяспалубнае судна.

[Ад слова мота... і іт. feluca.]

мотача́сць, ‑і, ж.

Матарызаваная воінская часць.

мо́ташлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і моташны (у 1 знач.).

мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.

1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.

2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.

3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.

мо́ташнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць моташнага; непрыемнае адчуванне.

мо́ташны, ‑ая, ‑ае.

1. Ад якога становіцца моташна (у 1, 3 знач.). Моташны пах.

2. перан. Агідны, прыкры. Быў апошні вечар у Адэсе, цягучы і моташны. Мехаў.

мотаэстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.

Эстафета на матацыклах.

мо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Заціхаць, замаўкаць. Тым часам сяло моўкла, ноч усё глыбей і цяжэй насядала на зямлю. Колас. У цесных долах Гвадарамы Каторы дзень не моўкне бой. Глебка.

мо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мовы. Моўныя звароты. Моўная характарыстыка. Моўныя групы.

мо́ўчкі, прысл.

1. Нічога не гаворачы. Чалавек стаяў моўчкі, разгублена цёр шыю. Новікаў. Вера слухала .. [Анісіма] моўчкі, не перастаючы збіраць ягады. Сачанка.

2. перан. Не пратэстуючы, пакорліва, маўкліва. Моўчкі скарыўся лёсу, Моўчкі цярплю хваробу. Жычка. Усе сядзелі моўчкі, бо надзеі на вызваленне ўжо не было. Федасеенка.

3. перан. Паціху, тайком. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам. Колас.