распраме́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Асвятліць чым‑н. Сонца распраменіла наваколле. // звычайна ў форме дзеепрым.; перан. Ажывіць, асвятліць якім‑н. пачуццём, настроем і пад. Вера з Максімам сядзелі ўжо на канапе. Максім трымаў яе за руку, глядзеў у распрамененыя радасцю вочы і ўсё расказваў, расказваў. Машара.
2. Зак. да распраменьваць (у 1 знач.).
распраме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Выпраменьваць якое‑н. святло, праменную энергію. / у перан. ужыв. Гэты маленькі камінок [беларуская школа] распраменьваў у навакольнай цемры святло культуры, саграваў людзей. Машара. [Іван] зірнуў на маці — яна была ціхая, засяроджаная ў сабе, і нейкую лагоднасць і радасць распраменьваў яе спакойны твар. Кудравец.
2. Незак. да распраменіць (у 1 знач.).
распрана́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распранацца — распрануцца і распранаць — распрануць.
распрана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распрануцца.
2. Зал. да распранаць.
распрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распрануць.
распра́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распрануць.
2. у знач. прым. Тое, што і распрануты (у 2 знач.). [Марыя Васільеўна:] Чаго ты выбег распранены? — [Русаковіч:] Душна мне ад .. гаворкі [Сухадольскага]. Крапіва.
распра́нуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распрануць.
2. у знач. прым. Без верхняга адзення, не апрануты. Людзі .. [у карчме] былі такія ж, як мы — праезджыя ды прахожыя, старыя і маладыя. Адны сядзелі распранутыя, іншыя ў вопратцы. Якімовіч.
распрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зняць з сябе верхняе адзенне. Бацька распрануўся, зняў гімнасцёрку, пагаліў бараду. Мележ. Усе распрануліся, чаго не бывала раней на вячорках, і селі за стол для зусім небывалай работы. Брыль.
2. перан. Зняць, скінуць з сябе покрыва (лісце, траву). Кусты арэшніку нібы наўмысля .. распрануліся і стаялі голыя, загарэлыя за лета. Ермаловіч.
распрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зняць з каго‑н. верхняе адзенне. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Верачку і паклала спаць. Паслядовіч. // Зняць з сябе (верхняе адзенне). — Калі ласка, распраніце шынель, я тут павешу, і праходзьце! — ветліва прапанавала дама. Карпюк. Віктар распрануў пінжак і павесіў яго на спінку крэсла. Даніленка.
2. перан. Зняць, скінуць покрыва (лісце, траву) з чаго‑н. Лістапад распрануў.. сад да апошняга лістка. Васілевіч.
распрапагандава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад распрапагандаваць.