захліпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да захліпнуцца.
2. Сутаргава задыхацца пры моцным смеху, плачы, хуткай гаворцы і пад. Аксана захліпалася ад нястрымнага рогату. Пянкрат. — Нявестачка, родненькая мая.. Як я рады, — аж захліпаецца словамі бацька і цалуе.. Іру. Сабаленка. // перан. Утвараць частыя пералівістыя гукі; залівацца, захлёбвацца. На вечарынцы захліпаўся гармонік. Асіпенка.
захлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць хліпаць.
захлі́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да захліпнуцца.
захліпну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца ад папаўшай у дыхальнае горла вадкасці, дыму і пад. — Цябе пані кліча!.. — выпаліў Базылёк адным духам і моцна захліпнуўся. Якімовіч. Лёдзя захліпнулася паветрам і спалатнела. Карпаў. // Памерці ад спынення дыхання. [Завішнюк] .. падумаў, што ў яе паранены лёгкія і яна магла захліпнуцца, не даехаўшы да Мсціжаў. Пташнікаў.
2. Адчуць цяжкасць пры дыханні ў грудзях ад якога‑н. моцнага пачуцця; задыхнуцца. Захліпнуцца ад страху. Захліпнуцца ад радасці. Захліпнуцца ад крыўды. □ — Бацька! — Марфа пляснула далонямі. — Я ж яму казала, каб ён, нягоднік, да гэтых кветак... — яна ледзь не захліпнулася ад злосці. Савіцкі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Коннаартылерысты падпалілі чатыры танкі, і атака ворага захліпнулася. «Маладосць».
4. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Адразу ж захліпнуўся.. гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.
5. Спыніць гарэнне, патухнуць. На хвіліну азарыўшы столь І сцены, захліпнулася святло. Танк.
захлісну́ць, ‑не; зак., каго-што.
Узняўшыся, заліць (пра ваду, хвалі). Хваля захліснула лодку. // перан. Захапіць, авалодаць, паглынуць (пра пачуцці, падзеі і пад.). Я прамаўчаў, бо ўспамін захліснуў мяне, абудзіў невыразнае, забытае даўно пачуццё замілаванасці да таго цудоўнага дня. Асіпенка. У Марыны з новай сілай падступіла пад сэрца туга па дзецях, захліснула ўсю яе істоту. Шарахоўскі.
захлі́ствацца, ‑аецца; незак.
Зал. да захлістваць.
захло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць хлопаць. // Хлопнуць некалькі разоў запар; прахлопаць. На дварэ захлопаў крыламі і прапяяў певень. Галавач.
захлусі́цца, ‑хлушуся, ‑хлусішся, ‑хлусіцца; зак.
Разм. Захапіцца хлуснёй; заблытацца ў хлусні.