уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.
Разм.
1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.
2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.
3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.
4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.
•••
Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).
Чорт уссеў на каго гл. чорт.
уссо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уссоўваць — уссунуць.
уссо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уссунуцца.
2. Зал. да уссоўваць.
уссо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уссунуць.
уссу́нуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уссунуць.
уссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. у час руху. Уссунуцца на пень. □ — А браткі ж мае, — гаварыў часам «дзядзька», спускаючыся з мокрага ганка, — вось цемрыва, хоць на воўка ўссунься, а-я-яй! Чорны.
уссу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Сунучы, падняць наверх. Уссунуць бэльку на зруб.
2. Разм. Абуць, надзець (звычайна наспех, часова). Андрэй устаў, не запальваючы лямпы адзеўся, уссунуў на ногі боты, зняў з крука кажух і шапку, апрануўся і пайшоў з хаты. Чарнышэвіч.
уссы́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уссыпаць.
уссы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што.
Насыпаць на каго‑, што‑н. Пасля вянца ўз’ехалі на двор, Уссыпалі на іх [маладых] з паўпуда хмелю. Корбан.
уссыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да уссы́паць.
уссяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уссесці.