заску́рны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца за скурай; падскурны.
засла́бы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабаваты, слабейшы, чым трэба. Замест тых двух сяброў, што заслабыя для рызыкі, ёсць новы, дужы. Брыль.
заслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.
1. Засланіць сябе чым‑н. Засланіцца шчытом ад удару. Засланіцца рукой ад сонца.
2. Аказацца нябачным, заслоненым чым‑н. Адна жоўтая лапінка ўвесь час паказваецца праз лісце. Мільгне, на момант заслоніцца, а потым зноў ярка жаўцее, амаль свеціцца, як уначы агонь машыны. Кулакоўскі.
3. перан. Адысці на задні план. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Колас.
заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.
1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.
2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.
•••
(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.
за́сланка і засло́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Прыстасаванне (звычайна бляшаны ліст з ручкай), якім засланяюць топку печы. Хацела [маці] засланіць печ і сагнулася, каб узяць з-пад прыпечка засланку. Галавач. Сымон адчыніў засланку і зірнуў у печ. Чарнышэвіч.
2. Прыстасаванне для закрывання якіх‑н. адтулін. Адзін з асобаатрадчыкаў пазваніў, за кратамі адсунулася заслонка, нехта глянуў адтуль. Самуйлёнак.
засланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да засланіцца.
2. Зал. да засланяць.
засланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да засланіць.
засла́цца, ‑сцелецца; зак.
Пакрыцца, завалачыся чым‑н. Агонь зашыпеў і заслаўся парай і дымам. Лобан.
засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.
Разм.
1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.
2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.
засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.
1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.
2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.
засле́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад заслядзіць.